Справа 1949 г. “Старшы лейтэнант Чырвонай арміі, падпаручнік РОА, ветэран Вялікай Айчыннай…”



Архівы былых савецкіх спецслужб багатыя на самыя неверагодныя біяграфіі часоў Другой Сусветнай вайны.

Былы вязень ГУЛАГу пасля вызвалення з савецкага лагера стварае партызанскі атрад, б’е гітлераўцаў, а потым “за антысавецкую агітацыю” трапляе на Калыму. Камандзір Чырвонай арміі, кавалер шматлікіх узнагародаў, агітуе свой кавалерыйскі полк перайсці да нацыстаў, зверствуе ў Беларусі і ў Югаславіі, а потым уцякае ў Аўстралію, дзе ў камфорце жыве да сярэдзіны сямідзесятых. Савецкі лётчык, які пасля таго, як быў збіты немцамі, трапляе ў канцлагер, вызваляецца саюзнікамі, прымае амерыканскае грамадзянства і падчас Карэйскай вайны збівае савецкія самалёты.

Ёсць справы і на тых людзей, якія паспелі па чарзе паваяваць спярша за Саветы, потым за гітлераўцаў, потым зноў за Саветы…

10 снежня 1949 года апергрупа МГБ арыштавала інструктара чарнігаўскай абласной дзіцячай сельскагаспадарчай станцыі (так тады называліся гурткі “Юных натуралістаў”). Арыштаваны, Васіль Іванавіч Вяршняк, меў у горадзе добрую рэпутацыю: удзельнік Вялікай Айчынай, ардэнаносец, улюбёнец піянераў і школьнікаў…

У МГБ, аднак, мелі іншую інфармацыю пра Вершняка.

ПОСТАНОВЛЕНИЕ НА АРЕСТ

9 декабря 1949 г.

Я, зам. начальника 4-го отдела Управления МГБ по Черниговской области, подполковник Гродний, рассмотрев поступившие в УМГБ по Черниговской области материалы о преступной деятельности

ВЕРШНЯК Василий Иванович, 1913 г. р., уроженец села Сель. Слобода, М-Кацюбинского р-на Черниговской области (…)

НАШЕЛ

что Вершняк, находясь на фронте Отечественной войны в звании офицера, в сентябре 1941 г. попал к немцам в плен (…)

В мае-июне 1943 года был завербован на учебу в школу агентов-пропагандистов «Восточного министерства» (…) где готовили агенты-пропагандисты для «РОА» (…)

В августе месяце 1943 г. состоялся выпуск, Вершняк был направлен пропагандистом на оккупированную территорию (…) г. Кривой Рог.

Находясь в г. Кривой Рог, проводил пропагандистскую работу среди военнопленных (…)

ПОСТАНОВИЛ

Вершняка Василия Ивановича подвергнуть обыску и аресту

(…)

Вяршняк пачаў даваць сведчанні ўжо ў дзень арышту і пры гэтым нічога не прыхоўваў. Тым больш, што ў МГБ былі і трафейныя архівы “Русской освободительной Армии», і сведчанні людзей, якія па тае “РОА” Вершняка добра памяталі.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

обвиняемого Вершняка В. И. 

9 декабря 1949 г.

(…)

ВОПРОС: Расскажите о вашей службе в Красной армии.

ОТВЕТ: На действительную службу я был призван в 1935 году. До того времени закончил сельхозтехникум. В 1937 году меня направили на учебу в Харьковское артиллерийское училище (…) Участвовал в освобождении наших территорий в Польше и в Румынии, воевал с бело-финами на Ухтинском направлении (…) В Великой Отечественной с первого дня войны. Служил адъютантом начальника штаба 181 дивизиона противотанковой обороны (…)

ВОПРОС: При каких обстоятельствах вы попали в плен?

ОТВЕТ: После того, как 5-ая армия оставила Киев, мы шли в Харьковском направлении. В р-не села Борщое Полтавской области попали в окружение. Я сорвал знаки различия командира и первые полгода работал в лагере военнопленных в Польше и в Германии на тяжелых работах как пленный рядовой. Потом я узнал, что у немцев пленные офицеры не работают, и сказал, что офицер (…).

ВОПРОС: Как и когда вы выразили желание работать на немцев?

ОТВЕТ: Я не выражал такого желания. Меня привезли в лагерь к пленным офицерам, которые согласились работать на гитлеровцев (…)

Лагер, пра які распавядаў Вяршняк, называўся Дабендорф і знаходзіўся ў 40 кіламетрах ад Берліна. У Дабендорфе з 1943 года дзейнічала “Школа прапагандыстаў РОА”, якая атрымала афіцыйны назоў “Аддзел усходняй прапаганды асобага прызначэння”. Я ўжо расказваў пра гэтую школу ўласаўскіх троляў у перадачы ад 10 студзеня – кожны ахвочы можа знайсці гэты аповяд на сайце “Радыё Рацыя”.

Навошта Вяршняк пагадзіўся вучыцца на ўласаўскага прапагандыста?

Вось як ён сам гэта аргументуе:

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

обвиняемого Вершняка В. И. 

9 декабря 1949 г.

(…)

ВОПРОС: Почему вы не пытались сбежать из школы в Добендорфе?

ОТВЕТ: Не было такой возможности. Школа хорошо охранялась (…)

ВОПРОС: Расскажите, что вы делали после окончания школы агентов-пропагандистов?

ОТВЕТ: Я получил звание подпоручика РОА и был направлен в Кривой Рог вместе с другими выпускниками (…)

Далейшыя падзеі разгарнуліся, як у карказломным баявіку. На пад’ездзе да Крывога Рога падпаручнік РОА Васіль Вяршняк прыдушыў нямецкага ахоўніка і скочыў з цягніка. У яго атрымалася не толькі не патрапіцца на вочы  нямецкім патрулям, але і знайсці ў тым Крывым Розе далёкіх сваякоў, якія выправілі ўцекачу аусвайс на імя нейкага Рыгора Голуба і нават уладкавалі на працу.

Мажліва, Вяршняк і сам разумеў, што па хуткім часе тая гітлераўская Нямеччына будзе разбітая. Не выключаецца, што яму проста не падабалася будучая праца гітлераўскага прапагандыста ў лагеры для савецкіх вайсоквапалонных. Але, можа, у нядаўнім савецкім камандзіры сапраўды прачнулася сумленне?

Прынамсі, на допытах сам Вяршняк вельмі пафасна дэкларуе менавіта апошняе.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

обвиняемого Вершняка В. И. 

25  декабря 1949 г.

(…)

ВОПРОС: Почему вы решили сбежать от немцев?

ОТВЕТ: Я не хотел работать на врага. Я решил сбежать из этого логова, чтобы бить фашистов беспощадно. Еще в Добендорфе я понял, что больше пользы принесу Родине живым, чем если погибну в лагерях (…) 17 марта 1944 года, когда Кривой Рог уже был освобожден от немцев, я добровольно явился на Казанковский призывной пункт, был определен в маршевый батальон. Служил в полковой разведке, притом на моем счету не один десяток лично мною уничтоженных гитлеровских солдат и офицеров (…)

І сведчанні самога арыштанта, і дакументы, якія МГБ запатрабавала з Міністэрства абароны, сведчаць, што ад красавіка 1944 г. і да канца вайны Вяршняк сапраўды ваяваў супраць гітлераўцаў. Былы старшы лейтэнант ваяваў звычайным шэрагоўцам, заслужыў ордэн Славы 3-яй ступені, медаль “За адвагу” і яшчэ колькі іншых узнагародаў…

Але ж склад злачынства быў навідавоку, што і вымагала адпаведнага пакарання.

Па прысудзе, зачытаным ў лютым 1950 года, Вяршняк атрымаў дзесяць гадоў знявольвання ў так званым “асобым лагеры” з асабліва жортскімі ўмовамі, дзе ўтрымліваліся самыя небяспечныя злачынцы, пераважна, з “палітычных”.

У 1953 годзе, адразу пасля смерці Сталіна, сістэма “Асаблагаў” была зліквідаваная, а зэкі раскіданыя па іншых лагерах. Яшчэ праз два гады большасць з іх, у тым ліку і Вяршняк, былі амніставаныя.

Былы падпаручнік РОА і ўдзельнік баёў з гітлераўцамі за Будапешт і Вену вярнуўся ў Чарнігаў, дзе і ўладкаваўся на старую працу на “Станцыі юных натуралістаў”. Скончыў педагагічны інстытут і, прапрацаваўшы з дзеткамі, сыйшоў на пенсію ў 1973 годзе.

Рэабелітацыі Вяршняк дамагаўся да самое смерці. Ён пісаў доўгія і пафасныя лісты ў КГБ, у Пракуратуру СССР, у газеты, на радыё і тэлебачанне, дзе напагялаў на тым, што ён “выкупіў віну крывёю”.

В ПРЕЗИДИУМ ВЕРХОВНОГО СОВЕТА СССР

Прошение

От Вершняка Василия Ивановича

(…)

Я обращаюсь к Вам, Президиуму Верховного Совета СССР, с просьбой о возвращении мне боевых наград

Орден Славы 3-ей степени

Медаль «За отвагу»

Медаль «За взятие Будапешта»

Медаль «За взятие Берлина»

(…)

Я бежал из плена (…) с целью влиться в ряды Советской армии.  Я отлично знал стоящую задачу (…) – добить фашистского зверя в его логове (…) Знал даже и то, что мне не подцепят офицерские погоны и не дадут командную должность, а дадут солдатские погоны, автомат и гранаты и скажут, чтобы бил врага беспощадно (…)

(…)

Никогда не исчезли бы из моей памяти благодарности Президиуму Верховного Совета СССР за удовлетворение моего прошения. Хотелось бы, чтобы 60-летие Великого Октября принесло бы мне радость и счастье.

5 июня 1977 г.

Проситель В. Вершняк

І ўзнагароды, і рэабелітацыю Вяршняк атрымаў за год да смерці. Як, нават і статус “ветэрана Вялікай Айчыннай Вайны”.

На добры розум, ён меў права на ветэранскі статус нават двойчы – і ад імя СССР, і ад імя Трэцяга Рэйху.

* * *

У наступнай перадачы я раскажу пра тое, як праходзілі паліцэйскія карныя акцыі ў 1943-44 гадах ў беларуска-украінскім сумежжы і на Падляшшы.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-10894”