Генадзь Фядыніч: Ужо сабралі каля 30 тысяч подпісаў



Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў, як праходзіць акцыя па зборы подпісаў за адмену дэкрэта аб “дармаедах”.

Генадзь Фядыніч: Збор актыўна ідзе, да справы добра падключыліся рэгіёны. Напрыклад, адна жанчына з Рэчыцы сама праявіла ініцыятыву і сабрала больш за 700 подпісаў. Прывезла, аддала ў прафсаюз і нават прозвішча свайго не назвала. Праўда, ёсць і складанасці. Калі мароз, то на вуліцы, натуральна, доўга не будзеш стаяць.

РР: Якія рэгіёны ў лідарах па зборы подпісаў?

Генадзь Фядыніч: Бабруйск і Гародня, але акцыя будзе яшчэ праходзіць да 17 лютага. Калі казаць пра папярэднія лічбы, то на мінулым тыдні было каля 4 тысяч подпісаў, якія сабралі на вуліцы, і 23 тысячы – у электронным варыянце. Такім чынам, зараз ужо ёсць каля 30 тысяч подпісаў.

РР: Шчыра кажучы, не вельмі вялікая лічба…

Генадзь Фядыніч: Згодны, але пры зборы подпісаў мы сутыкаемся з рознага кшталту складанасцямі. Па-першае, у нас жа чалавечы рэсурс не бязмежны. Колькі людзей задзейнічана – такія і лічбы. Акрамя таго, не ўсе ведаюць, што ў электронным выглядзе можна падпісаць петыцыю. Дарэчы, на зборы подпісаў наша кампанія па адмене дэкрэта не заканчваецца. Будзем прапаноўваць людзям пісаць скаргі ў падатковыя інспекцыі, выканкамы… Безумоўна, каб людзі дружна выказалі сваю пазіцыю, то ўлады пачухалі б патыліцу. І зараз яны занялі пазіцыю чакання, як жа народ адрэагуе.  

РР: Ці не атрымаецца так, што ваша акцыя будзе праігнаравана ўладамі і ў выніку нічога не зменіцца?

Генадзь Фядыніч:  Пэўны эфект у любым выпадку будзе, таму што мы бачым, што праблема існуе. І дзяржава таксама гэта бачыць, хаця і назірае за сітуацыяй збоку. Так, некаторыя людзі занялі пазіцыю “мая хата з краю”, але многія негатыўна ставяцца да дэкрэта. Падпісваліся не толькі тыя, каго непасрэдна закрануў прыняты дакумент, але і тыя, хто працуе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя