Жырыноўскі сцвярджае, што не прапаноўваў уключыць Беларусь у склад РФ
Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расеі (ЛДПР) Уладзімір Жырыноўскі сцвярджае, што не прапаноўваў уключыць Беларусь у склад Расейскай Федэрацыі, паведамляе ТАСС. „Журналісты падаюць, што я прапаную Беларусь уключыць у склад Расеі. Я нічога такога не прапаноўваў”, — заявіў ён у Маскве 8 лютага.
Жырыноўскі растлумачыў, што ў межах свайго праграмнага выступу на 30-м з’ездзе ЛДПР гаварыў аб супрацоўніцтве ў газавай сферы паміж Беларуссю і Расеяй. „Лукашэнка просіць грошай усё больш і больш. Хоча купляць газ па ўнутраных цэнах. Я сказаў на 30-м з’ездзе ЛДПР: калі ўнутраныя цэны — станавіцеся часткай нашай дзяржавы, і ў вас будуць усе ўнутраныя цэны і поўная бяспека”, — дадаў палітык. Такім выказваннем, растлумачыў Жырыноўскі, ён хацеў прадэманстраваць, што „ўнутраныя цэны павінны быць для тых, хто знаходзіцца ў складзе расейскай дзяржавы”. „Ні адна дзяржава ў свеце не будзе прадаваць тавар па ўнутраных цэнах іншаземцам”, — дадаў ён.
Выступаючы 4 лютага на з’ездзе ЛДПР, Жырыноўскі параўнаў паводзіны прэзідэнта Беларусі з цялём з рускай прымаўкі, які „двух матак смокча”. „Беларускі кіраўнік усё, што можна, высмактаў з Расеі, але мы ўжо кажам: колькі ж можна. Што хоча Лукашэнка? Асобная дзяржава, але цэны няхай будуць унутрырасейскімі. З якой нагоды? Тады давайце вы будзеце часткай нашай дзяржавы. І вось сядзіць: дай Расея, дай Еўразвяз. Як добра”, — цытавала Жырыноўскага расійская „Парламентская газета”.
Выказванні лідара ЛДПР атрымалі вялікі грамадскі рэзананс у Беларусі. Актывіст арганізацыі „Моладзь БНФ” Максім Солад 5 лютага звярнуўся ў МУС з патрабаваннем даць прававую ацэнку выказванням Жырыноўскага і разгледзець пытанне аб забароне яму ўезду ў Беларусь.