Рассельгаснагляд праверыць прычыны падазронай ураджайнасці ў Беларусі



7 лютага па ініцыятыве расейскага боку прайшлі перамовы паміж Рассельгаснаглядам і беларускімі спецыялістамі, паведамляе прэс-служба ведамства. Была выказана занепакоенасць павелічэннем паставак у Расею расліннай прадукцыі беларускага паходжання. У адказ Беларусь выказала гатоўнасць прыняць у сябе калегаў з інспекцыяй на вытворчасцях.

У перамовах удзельнічала намесніца кіраўніка Рассельгаснагляду Юлія Швабаўскене, а таксама Аляксандр Піскун – дырэктар Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўніца расейскага боку выказала занепакоенасць, што суседняя краіна павялічыла пастаўкі расліннай прадукцыі (паходжаннем Рэспубліка Беларусь) у Расею.

– А менавіта морквы ў 2,6 разоў, яблыкаў у 1,5 разы, капусты пекінскай ў 3,3 разы, грыбоў у 1,4 разы, цыбулі рэпчатай ў 32 разы, бульбы харчовай ў 2,2 разы ў параўнанні з 2015 годам , – паведамляе ведамства.

У адказ на гэта Аляксандр Піскун прывёў статыстыку па аб’ёмах вытворчасці, плошчах вырошчвання і ўраджайнасці прадукцыі. І паведаміў пра падрыхтоўку афіцыйнага адказу ў бліжэйшы час.

Акрамя таго, Піскун выказаў гатоўнасць прыняць у лютым 2017 года спецыялісты Рассельгаснагляду для сумеснага абследавання складоў і вытворчасці прадукцыі беларускага паходжання.

Нагадаем, 3 лютага Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўкі ялавічыны з Менскай вобласці ў Расею.

У той жа дзень Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з журналістамі і экспертнай супольнасцю заявіў, што супраць кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта трэба распачаць крымінальную справу.

tut.by

Фота АиФ