Настаўнік Адам Варанец: Наша школа не прыстасоўвае людзей да жыцця



Школы і бацькі чакаюць, што з наступнага навучальнага года з’явяцца новыя адукацыйныя праграмы і правілы. Віцэ-прэм’ер Васілій Жарко паабяцаў, што новая праграма не будзе такой перагружанай. А вось міністэрства адукацыі рыхтуе новы кодэкс, паводле якога ў школу можна будзе ісці вучыцца з пяці год, а ў класах будзе навучацца па 30 чалавек.

Настаўнік Адам Варанец, які мае 33 гады педагагічнага стажу, падзяліўся сваімі меркаваннямі пра новыя школьныя правілы ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Плануюць увесці, што ў першы клас дзіця можна будзе аддаваць з 5 гадоў. У Вас вялікі педагагічны стаж, як Вы лічыце, ці можна ўвогуле аддаваць дзяцей з 5 гадоў у школу?

— Тут трэба персанальна падыходзіць да кожнага дзіцяці: аднаму можна і з 5 гадоў, а другому, магчыма, толькі ў 7 трэба. Усе дзеці розныя, з розных сем’яў і рознае іх псіхафізічнае развіццё.

РР: А калі будзе па 30 чалавек пяцігадовага ўзросту, ці справіцца з імі настаўнікі ў школах?

— Я думаю гэта немагчыма, бо пяцігадовыя дзеці, гэта яшчэ дзеці, і нават калі паводле разумовага развіцця яны будуць чытаць і лічыць, гэта дзеці і ім патрэбныя зусім іншыя адносіны. Яны, хутчэй за ўсё, павінны развівацца ў сем’ях, пры іншых абставінах. А калі іх загнаць адразу па 30 чалавек, дык ніякі настаўнік ім нічога не заменіць, не дасць, бо з трыццаццю нельга нічога зрабіць.

РР: Зараз зноў плануюць перавесці дзяцей на шасцідзёнку. Гэта будуць дні, калі могуць прыйсці і бацькі па кансультацыю да настаўнікаў.

— Я ўвесь час працаваў у вясковых школах і ніякія бацькі не прыйдуць у ніякую суботу. З майго больш чым 30-гадовага настаўніцкага досведу, дык на бацькоўскі сход прыходзяць 10 максімум 20 працэнтаў бацькоў. Калі ўжо патрэбна прыходзяць. Дык у суботу нядзелю тым больш ніхто не пойдзе, бо ў бацькоў ёсць свае справы, свае клопаты і не ўсе бацькі, нават калі яны свабодныя, не хочуць хадзіць.

РР: А дзецям як лепш: вучыцца 5 дзён з 2 выходнымі, ці ўсё ж 6 дзён.

— Павінна быць 5 дзён, бо нагрузка цяпер вельмі вялікая і калі дзеці будуць па 6 дзён займацца, ім у адзін дзень будзе цяжка адпачыць.

РР: Тады якімі мусяць быць змены ў сістэме школьнай адукацыі, што трэба змяняць?

— Нам трэба нешта ўзяць ад еўрапейскай школы. Я бываў на ўроках у нямецкіх і швейцарскіх школах і там неяк другія адносіны, там няма такой строгай дысцыпліны, строгага рэгламентавання. Там на ўроках дзеці вольна сябе паводзяць, адчуваюць і бачна, што яны не стамляюцца, бо для іх вучоба як гульня, як жыццё. А нашы дзеці знаходзяцца пад пастаянным прэсінгам настаўнікаў. Ад іх патрабуюць абавязковага выканання ўсіх гэтых урокаў і ўсякіх пазашкольных заняткаў. Цяжка ўсё гэта для дзяцей. Вучоба стаіць у нас на першым плане і калі ты добра вучышся, дык ты добры чалавек, а калі ў цябе ня добра атрымліваецца з вучобай, дык ты чалавек другога гатунку.

РР: То бок трэба змяняць гэты аўтарытарны падыход…

— На Захадзе больш вучаць прыстасавання да жыцця. А ў нас, людзі заканчваюць школу і ім цяжка прывыкнуць да нашай рэчаіснасці.

 

Настаўнік гісторыі і геаграфіі, ліквідатар Адам Варанец працаваў у адукацыйнай сферы з 1974 года. Ён удзельнічаў у эвакуацыі сваіх вучняў пасля аварыі на ЧАЭС у 1986 годзе. Таксама Адам Варанец з 1995 года займаецца аздараўленнем дзяцей, што жывуць на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі Гомельшчыны.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель