Польшча, Беларусь і Літва ствараюць роварны шлях



У гэтым годзе можа з’явіцца транспамежны польска-беларуска-літоўскі роварны шлях. Пра гэта заявіў сябра ўправы Падляшскага ваяводства Багдан Дыюк.

Паводле яго слоў, мясцовыя ўлады з Гародні, Беластока і Друскенікаў вядуць перамовы пра падаўжэнне роварнага шляху ва Усходняй Польшчы „Green Velo”.

Шлях павінен перасякаць мяжу на пераходзе Рудаўка–Лясная на Аўгустоўскім канале і весці да мяжы з Літвой у Прывалцы, кажа Багдан Дыюк:

– Улады Гарадзенскай вобласці зацікавіліся, што яны дакладна са свайго боку зробяць роварную сцежку ўздоўж каналу, ад мясцовасці Лясная да Нёмана. Нёман працякае праз Друскенікі, таму літоўцы таксама зацікаўленыя.

Транспамежны шлях „Green Velo” можа ўзнікнуць на пачатку траўня. Тады для бязвізавага і роварнага руху адкрыецца пераход праз шлюз Кужынец на Аўгустоўскім канале.

„Green Velo” – гэта шлях па ўсходніх ваяводствах Польшчы. Гэта па-над 2000 кіламетраў сцежак па маляўнічых месцах польскага памежжа. На Падляшшы знаходзіцца найдаўжэйшы – 600-кіламетровы адрэзак шляху.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя