Справа Андрэя Бандарэнкі накіравана на дапрацоўку
Крымінальная справа па абвінавачанні праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы адпраўлена на дапрацоўку. Як паведаміў адвакат Вадзім Мушынскі, такое рашэнне прыняў 9 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва.
У студзені Бандарэнку, які адбывае пакаранне ў магілёўскай турме, было выстаўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, учыненае асобай, якая асуджаная за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства альбо дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў). Яму пагражае новае пазбаўленне волі тэрмінам да двух гадоў.
Усяго падчас выканання пакарання на Бандарэнку было накладзена больш за дзесяць спагнанняў з боку адміністрацый папраўчых устаноў, дзе яго ўтрымлівалі, што і стала прычынай прызнання яго „злосным парушальнікам рэжыму”.
9 лютага ў судзе Ленінскага раёна Магілёва прайшло папярэдняе пасяджэнне па справе Бандарэнкі. Суддзя Ірына Ланчава заявіла пра неабходнасць вярнуць матэрыялы крымінальнай справы ў пракуратуру ў сувязі з парушэннем працэдуры прызначэння адказных за вядзенне следства. Дзяржабвінаваўца выступіла супраць. Адвакат Мушынскі і сам Бандарэнка, які прысутнічаў у зале, падтрымалі пазіцыю суддзі. Пасля перапынку суд вынес рашэнне вярнуць матэрыялы справы на дапрацоўку.
Паводле слоў Мушынскага, прадказаць далейшае развіццё падзей складана: пракуратура можа апратэставаць рашэнне суддзі.
Адвакат падкрэсліў, што такое абвінавачанне ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі „наогул не павінна было быць выстаўлена”, аднак ён сумняваецца, што пераслед яго падабароннага спыніцца.
Андрэй Бандарэнка — стваральнік і былы кіраўнік інфармацыйна-асветніцкай установы „Платформа” і культурна-асветніцкай установы „Платформа інавейшн”, якія займаліся абаронай правоў асуджаных. У жніўні 2014 года суд прызнаў яго вінаватым у хуліганстве і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней тэрмін быў скарочаны да трох гадоў. У снежні 2015 года Бандарэнку перавялі са шклоўскай калоніі ў турму № 4 Магілёва. Тэрмін пакарання ў яго заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.
З кастрычніка 2015 года праваабаронца ў турме пастаўлены на ўлік як асоба, „схільная да захопу заложнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў”. Ён абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе, аднак 16 студзеня 2017 года Шклоўскі раённы суд прызнаў прапушчанымі тэрміны такога абскарджання.
У сувязі з распачынаннем новай крымінальнай справы праваабаронцы і грамадскія актывісты запатрабавалі адмены арт. 411 Крымінальнага кодэкса, які выкарыстоўваецца ўладамі як сродак дадатковага пакарання палітвязняў. Паводле іх слоў, у савецкі час гэты артыкул выкарыстоўваўся для таго, каб не выпускаць з турмы так званых крымінальных аўтарытэтаў, аднак сёння ён набыў палітычнае адценне.