Аляксей Марачкін нават у шпіталі не забывае пра грамадскія справы
Беларускі мастак Аляксей Марачкін некалькі дзён таму перанёс складаную аперацыю на сэрцы. Але нават у клініцы ён не забывае пра свае мастацкія і грамадскія справы. Па словах грамадскага дзеяча, гісторыка і журналіста Марата Гаравога, Аляксей Марачкін абмеркаваў з ім па тэлефоне падрыхтоўку да выставы „Праўда пра Курапаты”.
– Аляксей Антонавіч паведаміў, што пасля складанай аперацыі пачувае сябе нармальна, клапоціцца, турбуецца пра нашы справы, бо ён кіруе журы нашага конкурсу “Курапаты – народны мемарыял”. Параіў, што зрабіць і як быць. Бо 22-га мы адкрываем а 18-й гадзіне нашу дакументальна-мастацкую выставу. Сказаў свайму сыну Ігару, каб той на выставу абавязкова падаў яго знакаміты твор – абраз Маці Божай Курапацкай.
Марат Гаравы збіраўся наведаць Аляксея Марачкіна ў клініцы, аднак візіт прыйшлося адкласці з-за каранціну. „Але мастак пачувае сябе нармальна. Голас бадзёры, настрой добры. Рады, што наш сябра, славуты мастак і грамадскі дзеяч, адзін з патрыярхаў апошняй хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння, ідзе на папраўку”, – кажа Марат Гаравы.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск