Кіраўнік «Нафтана» адпраўлены ў адстаўку
Генеральны дырэктар наваполацкага ААТ „Нафтан” Уладзімір Траццякоў вызвалены ад займанай пасады. Пра гэта паведаміла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава ў інтэрв’ю мясцоваму тэлеканалу „Вектор ТВ”.
9 лютага Качанава наведала Наваполацк з рабочым візітам і пабывала на „Нафтане”.
„На жаль, цяперашняму кіраўніцтву завода не ўдаецца аператыўна вырашаць некаторыя пытанні, якія тычацца мадэрнізацыі такога важнага прадпрыемства, як” Нафтан”. Таму сёння і прынятае такое рашэнне”, — патлумачыла Наталля Качанава. Паводле яе слоў, часова выконваць абавязкі генеральнага дырэктара ААТ „Нафтан” будзе намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Сяргей Алтухоў.
Уладзімір Траццякоў займаў пасаду гендырэктара ААТ „Нафтан” з красавіка 2011 года. Выпускнік Маскоўскага інстытута нафтахімічнай і газавай прамысловасці імя І.М.Губкіна. Працоўную біяграфію пачаў на пасадзе аператара на ўстаноўцы „Парэкс” Мазырскага НПЗ. З 1990-га па 2002 год працаваў у гаспадарчай сферы на розных кіруючых пасадах, а затым — у галіне нафтапрадуктазабеспячэння, у тым ліку на пасадзе намесніка гендырэктара па забеспячэнні вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадукцыі РУП ВА „Беларуснафта”.
ААТ „Нафтан” уяўляе сабой буйны нафтахімічны комплекс, размешчаны ў Наваполацку Віцебскай вобласці. Быў заснаваны ў 1963 годзе. Сёння прадпрыемства выпускае розныя віды паліва, маслы змазачныя і бітумы, араматычныя вуглевадароды і прадукты нафтахіміі. ААТ „Нафтан” выпускае бензін АІ-92 і АІ-95, а таксама нарошчвае вытворчасць дызельнага паліва, якое адпавядае стандарту Еўра-5. За апошнія некалькі гадоў якасць выпусканага на „Нафтане” паліва прыведзеная ў адпаведнасць з еўрапейскімі спецыфікацыямі.