У Лагойску 43-гадовая беспрацоўная абрабавала другакласніка
8 лютага ў міліцыю звярнулася 62-гадовая пенсіянерка з вёскі Алекшыцы ў Лагойскім раёне. Яна распавяла, што ў Лагойску невядомая жанчына забрала грошы ў яе 8-гадовага ўнука. Падрабязнасці паведамляе УУС Менаблвыканкама.
У сераду, прыкладна ў 14.40, на вуліцы Савецкай у Лагойску незнаёмка забрала ў другакласніка 70 рублёў.
«Бабуля стаяла на прыпынку грамадскага транспарту, калі да яе падышла жанчына і папрасіла грошай – маўляў, не хапае грошай на праезд. Пажылая жанчына пашкадавала беспрацоўную і дала ёй рубель. У гэты момант на прыпынак прыйшоў унук жанчыны, і яна аддала яму 70 рублёў з наказам перадаць маме, пасля чаго хлопчык адправіўся дадому. Зламысніца пайшла за дзіцем, і калі ён адышоў на значную адлегласць, забрала ў яго рукавічку, у якой былі грошы. Хлопчык пабег да бабулі, якая яшчэ не паспела з’ехаць, і жанчына неадкладна выклікала міліцыю », – распавёў афіцыйны прадстаўнік МУС па Менскай вобласці Яўген Сачак.
Паколькі жанчына адразу ж звярнулася ў міліцыю, паведаміла прыкметы і прыблізны кірунак, у якім збегла падазраваная, міліцыя аператыўна знайшла рабаўніцу. Ёю аказалася 43-гадовая беспрацоўная жыхарка суседняй вёскі Лагаза.
Следчыя распачалі крымінальную справу па арт. 206 Крымінальнага кодэкса (Рабаванне). Падазраваная затрымана.