Віцэ-прэм’ер Сямашка вылецеў у Маскву вырашаць нафтагазавую праблему



Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка 10 лютага вылецеў у Маскву на перамовы па нафтагазавай праблеме, паведамілі БелаПАН у прэс-службе ўрада.

На просьбу пракаментаваць інфармацыю шэрагу СМІ, што камандзіроўка тэрміновая і па запрашэнні расейскага боку, прэс-сакратар урада Уладзіслаў Сычэвіч заявіў: „Гэта звычайная рабочая камандзіроўка па распараджэнні прэм’ер-міністра аб камандзіраванні. Яна працягнецца да 12 лютага”.

Раней паведамлялася пра перамовы Сямашкі, якія адбыліся 4 лютага. Іх вынікі беларускі ўрад не каментаваў.

7 лютага віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў у Маскве, што зрухаў у перамовах па газе і нафце няма. Расея працягвае чакаць ад Беларусі аплаты доўгу за газ.

На сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ 3 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што расцэньвае паводзіны Расеі ў нафтагазавай спрэчцы з Беларуссю як здзек. Ён адзначыў, што Беларусь і Расея даўно выпрацавалі формулу, па якой Менск плаціць за газ цану, залежную ад кошту нафты. Апошняя цана для Беларусі за 1 тыс. кубаметраў расейскага газу складала каля 132 долараў. Калі абрынуліся цэны на нафту, згодна з ўстоянай формулай прыродны газ аўтаматычна стаў каштаваць для Беларусі 82 долары за 1 тыс. кубаметраў. „Яны спахапіліся — не, гэта немагчыма. Кажуць, маўляў, мы не будзем прадаваць вам па тысячы кубоў за 82 долары, плаціце па 132 долары. Чаму? А таму, што гэта і так самая нізкая цана, мы нікому па такой цане не прадаем”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь не пагадзілася з патрабаваннямі Масквы, так як разам з падзеннем сусветных коштаў на нафту і газ „напалову ўпалі даходы ад рэальнага сектара” беларускай эканомікі, у тым ліку „ад прадуктаў харчавання, трактароў, аўтамабіляў”, якія традыцыйна прадаваліся ў Расею. Бакі павінны былі дамовіцца па цане на газ да 1 студзеня 2016 года, аднак гэтага не здарылася, таму што ў Маскве чыноўнікі не хацелі нават размаўляць са сваімі беларускімі калегамі, сцвярджаў Лукашэнка. „Проста наплявацельскае стаўленне”, — дадаў ён.

У 2016 годзе, паведаміў афіцыйны лідар, урад Беларусі прыняў рашэнне плаціць не 82 долары, як выходзіла па формуле, і не 132 даляры, як таго патрабавала Расея, а 107 долараў за 1 тыс. кубаметраў газу. „І вось тут яны палічылі, што мы недаплацілі 550 млн долараў, калі зыходзіць з іх цаны 132 долары. І ўсё зайшло ў тупік”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by