Андрэй Кабякоў: Ніякага друкавання эмісійных грошай не павінна быць



Удзельнікі нарады па актуальных пытаннях развіцця эканомікі, якую правёў 10 лютага Аляксандр Лукашэнка, прынялі рашэнне аб недапушчальнасці грашовай эмісіі. Пра гэта па выніках нарады расказаў журналістам прэм`ер-міністр Андрэй Кабякоў.

„Эмісійнае друкаванне грошай — не больш чым мінулы этап у гісторыі эканамічнага развіцця ў Беларусі, — цытуе прэм`ера дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Усе сыходзіліся ў тым, што ніякага друкавання эмісійных грошай ні ў якім разе быць не павінна. Гэта ўжо мінулы пэўны этап у гісторыі, не больш за тое. Усё развіццё павінна адбывацца на здаровай эканамічна выверанай аснове”.

„Спрэчка была толькі ў тым, ці крыху хутчэй ці крыху больш павольна ажыццяўляць тыя або іншыя змены параметраў, якія характарызуюць грашова-крэдытную палітыку”, — паведаміў Кабякоў.

Паводле яго слоў, у дакладах урада, Нацыянальнага банка і ў дакладах экспертаў, якія прысутнічалі на нарадзе, адзначалася, што тэндэнцыя па замацаванні пазіцый, звязаных з макраэканамічнай стабілізацыяй, адчуваецца самым рэальным чынам.

belapan.by

Фото bymedia.net