Пачаўся суд над гімназістам, які напаў з нажом на настаўніцу
Менскі гарадскі суд пачаў слуханне справы гімназіста Даната Скакуна, які напаў з нажом на настаўніцу.
Працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Старшынюе суддзя Валянціна Зянькевіч. У абвінавачанага некалькі адвакатаў, у тым ліку Людміла Палачкіна. Сёння падчас працэсу, пасля абвяшчэння абвінавачання, адбудзецца допыт абвінавачанага, калі ён пагодзіцца даваць паказанні.
Плануецца, што абвяшчэнне рэзалютыўнай часткі прысуду будзе публічным.
Як раней паведамлялі следчыя органы, 23 мая 2016 года прыблізна ў 8.00 жыхар Менска 2001 года нараджэння, знаходзячыся ў кабінеце гімназіі № 74, „дзейнічаючы з асаблівай жорсткасцю, нанёс настаўніцы рускай мовы і літаратуры не менш як 17 удараў нажом, у тым ліку ў вобласць жыццёва важных органаў”. У сувязі з актыўным супраціўленнем пацярпелай нападнік не здолеў давесці свой намер да канца.
Падчас следства былі дапытаныя больш за 50 сведак, праведзены вялікі комплекс медыка-крыміналістычных, біёлага-генетычных і дактыласкапічных даследаванняў.
Паводле вынікаў судова-медыцынскай экспертызы, нанесеныя пацярпелай цялесныя пашкоджанні адносяцца да катэгорыі цяжкіх. Праведзеная ў дачыненні да непаўналетняга стацыянарная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза паказала, што юнак ў перыяд інкрымінаванага яму ўчынку мог у поўнай ступені ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.
Як паведамілі ў гарадской пракуратуры, матывам здзяйснення непаўналетнім злачынства з’явілася помста за нібыта неаб’ектыўную ацэнку настаўнікам яго ведаў.
Дзеянні Даната Скакуна кваліфікаваныя на падставе ч. 1 арт. 14 і пп. 6, 10 ч. 2 арт. 139 КК як замах на забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці, учынены з асаблівай жорсткасцю.
У выпадку прызнання юнака вінаватым у здзяйсненні злачынства яму, з улікам яго ўзросту, можа быць прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 12 гадоў.