Двух зніклых падлеткаў з Белаазёрска знайшлі ў Віцебску



Двух зніклых навучэнцаў Белаазёрскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі, юнака і дзяўчыну, знайшлі ў Віцебску.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, 15-гадовых Ірыну Якушэвіч і Віктара Мартысевіча выявілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Бярозаўскага РАУС 11 лютага ў Віцебску на арандаванай кватэры.

Падлеткаў даставілі дадому. Прычыны іх сыходу ўсталёўваюцца. Згодна з папярэднімі звесткамі, пару звязваюць рамантычныя адносіны.

Шукаць навучэнцаў каледжа пачалі 1 лютага пасля звароту ў міліцыю іх родных.

Ірына Якушэвіч паехала з Бярозы ў Белаазёрск на вучобу маршрутным мікрааўтобусам вечарам 31 студзеня. Жыхар Белаазёрска Віктар Мартысевіч пайшоў з дому раніцай 1 лютага. Да 11 лютага іх месцазнаходжанне было невядомае.