Лукашэнка паведаміў пра „пазітыўныя перспектывы” ў нафтагазавай спрэчцы з РФ



Аляксандр Лукашэнка падчас асабістай сустрэчы з галоўным рэдактарам газеты „Народная воля” Іосіфам Сярэдзічам 13 лютага паведаміў яму пра „пазітыўныя перспектывы” ў нафтагазавай спрэчцы з Расеяй, расказаў Сярэдзіч БелаПАН.

Як адзначыў галоўны рэдактар недзяржаўнага выдання, як такога абмеркавання нафтагазавай спрэчкі не было. „Але, паводле слоў Аляксандра Рыгоравіча, з Масквы паступіла інфармацыя, што перспектыва для нас складваецца нармальна, што мы ў гэтых перамовах выходзім на пазітыўныя лічбы”, — сказаў Сярэдзіч.

Паводле слоў кіраўніка „Народнай волі”, ён зразумеў гэта так, што перспектывы не тычацца мінулага года і патрабавання расейцаў пра выплату доўгу. „Гаворка ішла менавіта пра перспектывы 2017 і 2018 гадоў. Важна, што перамовы ідуць у ракурсе перспектыўнага працэсу, а не толькі сённяшняй праблемы”, — падкрэсліў Сярэдзіч.

Лукашэнка, згодна са словамі Сярэдзіча, быў „даволі ўзрадаваны” такой інфармацыяй.

Галоўны рэдактар „Народнай волі” яшчэ раз падкрэсліў, што ў дэталі яны падчас гутаркі не ўдаваліся.

Кіраўнік Мінэнерга РФ Аляксандр Новак раней паведаміў журналістам, што віцэ-прэм’еры Расеі і Беларусі Аркадзь Дварковіч і Уладзімір Сямашка абмеркавалі 10 лютага ў Маскве газавыя пытанні. „Перамовы працягваюцца, працэс яшчэ ідзе. Разглядаюцца розныя разлікі, лічбы, варыянты. У цэлым разглядаецца сістэма ўзаемаадносінаў на доўгатэрміновую перспектыву. Пры безумоўным разуменні таго, што даўгі за мінулы год павінны быць пагашаныя”, — дадаў ён.

Аналагічныя перамовы Сямашка правёў у Маскве 4 лютага. Іх вынікі беларускі ўрад не каментаваў.

7 лютага віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў у Маскве, што зрухаў у перамовах па газе і нафце няма. Расея працягвае чакаць ад Беларусі аплаты доўгу за газ.

На сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ 3 лютага ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што расцэньвае паводзіны Расеі ў нафтагазавай спрэчцы з Беларуссю як здзек. Ён адзначыў, што Беларусь і Расея даўно выпрацавалі формулу, згодна з якой Менск плаціць за газ цану, залежную ад кошту нафты. Апошняя цана для Беларусі за 1 тыс. кубаметраў расейскага газу складала прыблізна 132 даляры. Калі абрынуліся цэны на нафту, згодна з формулай прыродны газ аўтаматычна стаў каштаваць для Беларусі 82 даляры за 1 тыс. кубаметраў. „Яны схамянуліся — не, гэта немагчыма. Кажуць, маўляў, мы не будзем прадаваць вам па тысячы кубоў за 82 даляры, плаціце па 132 даляры. Чаму? А таму, што гэта і так самая нізкая цана, мы нікому па такой цане не прадаем”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь не пагадзілася з патрабаваннямі Масквы, бо разам з падзеннем сусветных цэн на нафту і газ „напалову ўпалі даходы ад рэальнага сектара” беларускай эканомікі, у тым ліку „ад прадуктаў харчавання, трактароў, аўтамабіляў”, якія традыцыйна прадаваліся ў Расею. Бакі павінны былі дамовіцца аб цане на газ да 1 студзеня 2016 года, аднак гэтага не здарылася, таму што ў Маскве чыноўнікі не хацелі нават размаўляць са сваімі беларускімі калегамі, сцвярджаў Лукашэнка. „Проста наплявацельскае стаўленне”, — дадаў ён.

У 2016 годзе, паведаміў афіцыйны лідар, урад Беларусі прыняў рашэнне плаціць не 82 даляры, як выходзіла згодна з формулай, і не 132 даляры, як таго патрабавала Расея, а 107 даляраў за 1 тыс. кубаметраў газу. „І вось тут яны палічылі, што мы недаплацілі 550 млн даляраў, калі зыходзіць з іх цаны 132 даляры. І ўсё зайшло ў тупік”, — сказаў Лукашэнка.