Улады Магілёва забаранілі „Марш недармаедаў”
Улады Магілёва адказалі адмовай на заяўку прадстаўнікоў дэмакратычнай кааліцыі рэгіёну правесці 19 лютага ў абласным цэнтры „Марш недармаедаў”, паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.
Падставай для адмовы стала тое, што заяўленае месца правядзення маршу, які павінен быў пачацца ў цэнтры горада, не супадае з адведзенымі для правядзення масавых мерапрыемстваў у Магілёве.
„Улады заявілі, што названае месца не дазволена для правядзення мітынгаў. Але ж мы падавалі заяву на правядзенне не мітынгу, а шэсця па адзінай пешаходнай вуліцы Магілёва”, — адзначыў каардынатар БХД у горадзе Алег Аксёнаў.
„Гэтая адмова сведчыць, што права на свабодныя сходы ў Беларусі па-ранейшаму парушаецца, — заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. — Ужо тое, што грамадзяне павінны браць дазвол на пратэст, з’яўляецца парушэннем права на свабоду сходаў. Але нават калі дэмакратычная апазіцыя выконвае фармальныя патрабаванні, улады ігнаруюць права на правядзенне мірных сходаў”.
Замест „Марша недармаедаў” рэгіянальная дэмакратычная кааліцыя прапаноўвае не згодным з дэкрэтам № 3 выйсці 19 лютага на „шпацыр па горадзе”.
Акцыі супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” таксама плануюцца ў Мінску.
На 17 лютага намечана правядзенне „Марша раззлаваных беларусаў” супраць незаконных пабораў уладаў, які ініцыяваны Беларускім нацыянальным кангрэсам.
30 студзеня ў Менскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 15 сакавіка „Марша недармаедаў”, у аргкамітэт якога ўваходзяць Беларуская партыя левых „Справядлівы свет”, АГП, рух „За Свабоду”, аргкамітэты па стварэнні БХД, Партыі працоўных і партыі „Надзея”, БСДП (Грамада), Беларуская партыя „Зялёныя” і грамадзянская кампанія „Наш дом”.
Дэкрэт № 3 абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (цяпер 460 рублёў).