Менскае „Дынама” разграміла тальяцінскую „Ладу”



Менскае „Дынама” у чарговым паядынку КХЛ разграміла тальяцінскую „Ладу” – 8:3. Госці прыехалі ў сталіцу Беларусі ў статусе аднаго з аўтсайдараў Усходняй канферэнцыі. „Дынама” ж не толькі датэрмінова гарантавала сабе месца ў плэй-оф, але і прэтэндуе на высокія пазіцыі па выніках рэгулярнага першынства.

Першы перыяд, аднак, прайшоў у роўным змаганні, пасля сірэны на перапынак табло высвечвала 2:2. У гаспадароў пляцоўкі закінутымі шайбамі вызначыліся Арон Палушай і Ілья Шынкевіч.

Далей гульня праходзіла пад выразную дыктоўку менскага „Дынама”. У бела-блакітных дубль спярша аформіў Палушай, потым забіў Яўген Лісавец, а потым па два разы па чарзе вызначыліся Роб Клінкхамер і Фрэдрык Петарсан. Пры тым чатыры разы ў гэтай сустрэчы беларуская каманда ўдала рэалізавала колькасную бальшыню.

Менскае „Дынама” набрала зараз 103 ачкі і займае 6-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Аднак, узняцца вышэй абсалютна рэальна. На 5-й прыступцы стаіць ніжагародскае „тарпеда” – 104 пункты, на 3-й – маскоўскае „Дынама” – 107.

Беларускае Радыё Рацыя