Мальта. Касцёл Султан таль-Пачы ў Мсідзе



На Мальце і цяжка вызначыць, калі заканчваецца адзін горад і пачынаецца другі. Аўтобус паўзе па забітай машынамі дарозе, вока цешаць старасвецкія дамы, жаўцеюць фартэцыі рыцараў-гаспітальераў, і тут ты заўважаеш шыльду, з якой вынікае, што Валета толькі што скончылася, і ты ўжо ў Мсідзе.  

Мсіда – тыповы мальтыйскі гарадок: сем тысяч насельніцтва, вулічная кафэ кожныя дваццаць метраў і турысты, якіх тут ад траўня і да верасня куды больш, чым мясцовых. На Мальце гэтае мястэчка знакамітая трыма аб’ектамі: суперсучаснай клінікай, адной з найлепшых у Еўропе, Дзяржаўным універсітэтам Мальтыйскай Рэспубоікі, які быў перанесены сюды з перанаселенай Валеты яшчэ ў шасцідзесятых гадах, і, вядома ж, касцёлам Султан таль-Пачы.

Касцёл з такім дзіўным назовам, між іншым, асвечаны на гонар св. Язэпа, пра што і сведчыць шыльда каля ўвахода. Але жыхары Мсіды ўпарта называюць яго ў гонар султана, і гэты назоў міжволі ўваскрашае ў памяці “Казкі тысячы і адной ночы”, Гарун-аль-Рашыда, арабескі, халву і іншую арыентальную папсу, засвоеную яшчэ за школьных часоў.

Сам касцёл, зрэшты, не мае нічога агульнага з арабскай архітэктурай. Збудаваны ён у 19 стагоддзі як парафіяльны, але ж выглядае нашмат старэйшым. Дойліды відавочна падбалі, каб архітэктурна той касцёл не выторкваўся з шэрагу класічных мальтыйскіх бажніц, якія будаваліся яшчэ рыцарамі ордэна св. Яна Іерусалімскага.

Касцёльныя сцены густа пакрэмзаныя надпісамі самага рознага зместу: ёсць ангельскія, нямецкія, італійскія, арабскія і, вядома ж, на расейскай мове. Але мальтыйцы ставяцца да гэтага даволі паблажліва. Што між іншым, наводзіць на думку: легкадумна да гістарычнае спадчыны ставяцца не толькі ў нас.

[Not a valid template]Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара