„Чарнобыльскі шлях — 2017”: Спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС



Традыцыйная акцыя „Чарнобыльскі шлях”, якую дэмакратычныя сілы праводзяць 26 красавіка, у 2017 годзе пройдзе пад лозунгамі неадкладнага спынення будаўніцтва астравецкай АЭС. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч па выніках пасяджэння аргкамітэта па правядзенні мерапрыемства 15 лютага ў Мінску.

„Дамовіліся, што асноўны акцэнт падчас акцыі будзе рабіцца на патрабаваннях неадкладнага спынення будаўніцтва АЭС. Усе аргументы адносна асаблівасцяў рэактара, якасці пляцоўкі таксама важныя, але другарадныя. Асноўны кансалідуючы пасыл — спыненне будаўніцтва”, — адзначыў ён.

Фармат і маршрут акцыі будзе вызначаны на пасяджэнні аргкамітэта. „Сёння прагучалі розныя меркаванні. У выніку вырашылі пачакаць да 17 сакавіка, калі можна будзе ацаніць пратэставы патэнцыял акцый супраць дэкрэта № 3 аб „дармаедах”, правядзенне якіх намечана на 17 лютага і 15 сакавіка. З улікам таго, як пройдуць гэтыя акцыі, будзе прымацца канчатковае рашэнне і аб фармаце правядзення „Чарнобыльскага шляху”, — паведаміў Янукевіч.

Акрамя таго, паводле яго слоў, 15 або 22 красавіка плануецца правядзенне канферэнцыі, прысвечанай тэме будаўніцтва АЭС, у тым ліку і з удзелам міжнародных экспертаў.

У склад аргкамітэта „Чарнобыльскага шляху”, акрамя Партыі БНФ, таксама ўваходзяць Беларуская партыя „Зялёныя”, рух „За Свабоду”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, кампанія „Еўрапейская Беларусь” і асобныя прадстаўнікі грамадскасці.

БелаПАН

Фота revbel.org