З сакавіка даражэюць byfly і ZALA
Нацыянальны аператар сувязі «Белтэлекам» аб’явіў пра ўнясенне змяненняў у некаторыя тарыфы на паслугі. Даражэй стане доступ у інтэрнэт byfly, сэрвіс інтэрактыўнага тэлебачання ZALA, а таксама міжнародныя тэлефонныя званкі.
Кошт паслуг зменіцца з 1 сакавіка 2017 года. Сярэдні памер падвышэння кошту складзе 9% да ўзроўню тарыфаў, якія дзейнічалі ў 2016 годзе. Новыя цэны апублікаваныя на сайце кампаніі.
Падаражаюць многія тарыфы на інтэрнэт byfly. Да прыкладу, для фізічных асоб «Дамасед старт» будзе каштаваць 14,2 рублёў у месяц (+ 9,2%), «Дамасед XXL» – 16,5 рублёў (+ 8,9%), «Дамасед Ультра» – 22,5 рублёў (без змяненняў), «Рэкорд 10» – 15,5 рублёў (+10,3%), «Рэкорд 25» — 20 рублёў (+ 9,2%).
Даражэй стануць і некаторыя званкі са стацыянарных тэлефонаў. Да прыкладу, для фізічных асоб дзённы выклік на нумар мабільнага аператара будзе каштаваць 6,1 капейкі за хвіліну (+ 8,9%), званок у Расею ці Украіну – 39,25 капейкі (+ 9%).
Больш плаціць давядзецца і некаторым карыстальнікам інтэрактыўнага тэлебачання ZALA. Да прыкладу, пакет «Прэм’ера» будзе каштаваць 7,35 рублёў у месяц (+ 8,8%). А вось штомесячная плата за пакеты «ZALA: усё ўключана» і «ZALA: усё ўключана HD» застанецца без змен, піша nn.by.