Нафтагазавае пытанне вырашыцца на наступным тыдні?
Падпісанне пратакола з Расеяй па нафтагазавай спрэчцы чакаецца на наступным тыдні, паведаміў журналістам віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка 16 лютага перад пачаткам калегіі Міністэрства прамысловасці.
„Мы на мінулым тыдні правялі чарговыя перамовы. Склалі праект пратакола, завізавалі нашымі подпісамі з нашым візаві — віцэ-прэм’ерам Расеі Аркадзем Дварковічам. Зараз пратакол знаходзіцца на разглядзе расейскага кіраўніцтва. Я спадзяюся, на наступным тыдні ён, магчыма, будзе прыняты”, — сказаў Сямашка.
Змест пратакола беларускі віцэ-прэм’ер не канкрэтызаваў, толькі адзначыў, што гэта ўжо „дваццаты варыянт”.
Менск і Масква ўжо год не могуць дамовіцца аб фармаванні цаны на газ і ўрэгуляваць пытанне аплаты доўгу Беларусі за ўжо пастаўленыя аб’ёмы.
7 лютага віцэ-прэм’ер РФ Дварковіч заявіў, што зрухаў у перамовах па газе і нафце няма. Расея працягвае чакаць ад Беларусі аплаты доўгу за газ, падкрэсліў ён.
3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ ў Менску Аляксандр Лукашэнка расказаў дэталі нафтагазавай спрэчкі.
Ён адзначыў, што Беларусь і Расея даўно выпрацавалі формулу, згодна з якой Менск плаціць за газ цану, залежную ад кошту нафты. Апошняя цана для Беларусі за 1 тыс. кубаметраў расейскага газу складала прыблізна 132 даляры. Калі абрынуліся цэны на нафту, згодна з формулай прыродны газ аўтаматычна стаў каштаваць для Беларусі 82 даляры за 1 тыс. кубаметраў. „Яны схамянуліся — не, гэта немагчыма. Кажуць, маўляў, мы не будзем прадаваць вам па тысячы кубоў за 82 даляры, плаціце па 132 даляры. Чаму? А таму, што гэта і так самая нізкая цана, мы нікому па такой цане не прадаем”, — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Беларусь не пагадзілася з патрабаваннямі Масквы, бо разам з падзеннем сусветных цэн на нафту і газ „напалову ўпалі даходы ад рэальнага сектара” беларускай эканомікі, у тым ліку „ад прадуктаў харчавання, трактароў, аўтамабіляў”, якія традыцыйна прадаваліся ў Расею. Бакі павінны былі дамовіцца аб цане на газ да 1 студзеня 2016 года, аднак гэтага не здарылася, таму што ў Маскве чыноўнікі не хацелі нават размаўляць са сваімі беларускімі калегамі, сцвярджаў Лукашэнка. „Проста наплявацельскае стаўленне”, — дадаў ён.
У 2016 годзе, паведаміў афіцыйны лідар, урад Беларусі прыняў рашэнне плаціць не 82 даляры, як выходзіла згодна з формулай, і не 132 даляры, як таго патрабавала Расея, а 107 даляраў за 1 тыс. кубаметраў газу. „І вось тут яны палічылі, што мы недаплацілі 550 млн даляраў, калі зыходзіць з іх цаны 132 даляры. І ўсё зайшло ў тупік”, — сказаў Лукашэнка.