У продажы з’явіўся шакалад, які анансаваў Лукашэнка
15 лютага кандытарская фабрыка «Камунарка» выпусціла ў продаж шакалад «Прэзідэнт», які ў пачатку месяца анансаваў сам Лукашэнка. Новы шакалад горкі, з 72-працэнтным утрыманнем какава-прадуктаў. У яго склад уваходзіць цёртая какава, какава-алей і араматызатар «Ваніль». У якасці падсалодвальнікаў выкарыстаны мальціт і экстракт стэвіі.
Шакалад «Прэзідэнт» можна купіць як у Менску, так і ў рэгіёнах, але пакуль толькі ў фірмовых крамах «Камунаркі». Цана – 2,29 рубля за 90 грамаў.
Нагадаем, падчас «Вялікай размовы» Лукашэнка паведаміў, што хутка ў крамах з’явіцца прэзідэнцкі шакалад – адзіны тавар, які выйдзе ў продаж пад брэндам кіраўніка дзяржавы.
– Неяк мы з Мядзведзевым каталіся ў гарах. Ён пачаставаў імпартным шакаладам. Я кажу: «Абмяжоўваю сябе». Прыехаў дадому, перагаварыў з тэхнолагамі «Камунаркі» і даручыў, каб зрабілі гэты шакалад, – сказаў прэзідэнт.
Тэхнолагі не адразу падабралі рэцэптуру, якая задавальняла б Лукашэнку: ён любіць толькі салодкі шакалад, але клапоціцца аб правільным харчаванні.
– Яны варыянтаў дваццаць мне прапанавалі. Ужо былі не рады, што са мной звязаліся. Але апошні шакалад досыць салодкі і без цукру. Там выкарыстоўваецца сцевія – гэта трава, – патлумачыў ён.