Упэўненая перамога “Ягелоніі”
У першым сёлетнім матчы на ўласным стадыёне футбалісты “Ягелоніі” (Беласток) разграмілі “Гурніка” (Лэнчна) з лікам 5-0. Першы гол у матчы забіў украінец Дзмітры Хамчаноўскі з падачы эстонца Канстанціна Васільева.
Сам Васільеў яшчэ перад перапынкам выкарыстаў штрафны ўдар, і лік стаў 2-0. У другім тайме лік павялічыў украінец Тарас Раманчук. Потым ізноў гол забіў герой сустрэчы Канстанцін Васільеў. Вынік усталяваў ужо на 65 хвіліне літовец Фёдар Чэрных.
Трэнер “Ягі” Міхал Пробеж пахваліў сваіх падапечных за тое, што яны змаглі ўдасканаліць гульню пасля паразы ў Гданьску.
– Мы паказалі сябе як каманда. Мы да канца кантралявалі ход сустрэчы і зробім усё магчымае, каб заняць як мага вышэйшае месца ў сезоне.
„Ягелонія” займае другое месца ў чэмпіянаце Польшчы з 43 ачкамі. Лідарам застаецца „Лехія”, якая мае на адно ачко больш. Чарговы матч „Яга” згуляе праз тыдзень у Кракаве з мясцовай „Віслай”.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота bialystok.naszemiasto.pl