Класік беларускага мастацкага тэкстылю – з выставай у Полацку



Ніну Пілюзіну называюць класікам беларускага тэкстыльнага мастацтва. У полацкай Мастацкай галерэі пачала працу персанальная выстава мастачкі „Судакрананне”. 

Ніна Пілюзіна ў 1963 годзе скончыла Менскую мастацкую вучэльню ім. Аляксея Глебава, а ў 1968-м Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У яе творчым актыве больш за 14 персанальных выстаў. Летась вялікая выстава мастачкі экспанавалася ў сталічным Палацы мастацтваў. 

Ніна Васільеўна кіравала працамі па ўзнаўленні копіі ўнікальнага габелена ХVІІ стагоддзя „Наданне княжацкага тытулу Мікалаю Радзівілу Чорнаму” для Нясвіжскага палаца. Яе працы знаходзяцца ў калекцыях розных беларускіх і замежных музеяў, у тым ліку ў зборы Беларускага нацыянальнага мастацкага музея.

На выставе ў Полацку як раз можна і пабачыць знакаміты твор мастачкі пад назвай «Зубр. Мёртвым лягчэй, нясцерпна жывым, што мёртвых у сэрцы нясуць», які захоўваецца ў нацыянальным музеі Беларусі, а таксама творы розных гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік