„Малады Фронт” бароніць Курапаты (абноўлена)



Актывісты «Маладога Фронту» пачалі бестэрміновую акцыю «Абарона Курапатаў». 

У час супрацьстаяння актывістаў і мясцовых жыхароў, з аднаго боку, і рабочых, асобамі ў цывільным, з іншага боку, адбылося некалькі сутычак. Падрабязней апавядае актывіст „Маладога Фронту” Арцём Леўчанка:

Пачалі выкідаць намёт наш. Мы падбеглі і спрабавалі мірна яго забраць. Мы сказалі, што гэта наша маёмасць, а нас пачалі біць, круціць. Мяне схапілі за капялюш, нахілілі. Пасля таго, як я выкруціўся, пабачыў, што чалавек сядзіць на Змятры. Я яго збіў. А міліцыянт, які здымаў усё на відэа, правакаваў, кажучы: “Ну, скокні яшчэ раз, скокні яшчэ раз”. То бок, яны адмыслова робяць гэтыя правакацыі, каб пачалася бойка і яны маглі нас спакойна “ўпакаваць”.

На ўскрайку Менску працягваецца супрацьстаянне паміж актывістамі «МФ» і забудоўшчыкамі тэрыторыі каля дамоў па вуліцы Мірашнічэнкі 49, 51, 53, што побач з Курапатамі. Паміж імі перыядычна ўзнікала штурханіна, але міліцыя і супрацоўнікі ў цывільным не ўмешваліся.

Кажа лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч:

– У 2015 годзе была незаконна ўрэзана ахоўваемая тэрыторыя, відаць па нейкіх карупцыйных схемах. Будуюць нейкі чарговы комплекс, ці то офісны, ці то забаўляльны. Мы падышлі ў суботу, паглядзелі. Жыхары абураюцца, што без узгаднення з імі, яны таксама з вокан павылазілі і ўбачылі гэтую будоўлю, калі ўжо паспілоўвалі дрэвы і нейкую тэхніку прыгналі. Мы вырашылі паставіць намёт.

РР: У якім выпадку вы сыдзеце?

– Калі будзе спынена будоўля.

Цягам дня актывістаў разам з намётам працоўныя абнеслі плотам. Кіруюць імі двое з відэакамерай у цывільным, ды прараб. На спробы актывістаў перашкодзіць будоўлі, працоўныя правакуюць бойку. Вакол збіраюцца незадаволеныя жыхары:

– Зялёны луг пераўтвараецца ў нейкую незразумелую забудову, тым больш Курапаты побач. Ну добра, дарога была патрэбна, але навошта Зялёны луг увогуле пераўтвараць ў такую дзіру.

Увечары актывістам удалося знесці плот нягледзячы на правакацыі і перашкоды з боку працоўных. Таксама вядома, што машына міліцыі неаднойчы спрабавала пад’ехаць да месца падзей, аднак адтуль так ніхто і не выйшаў.

[Not a valid template] 

На месцы пікету пабываў адзін з лідараў партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі:

– Распрацоўваўся праект помніка першай катэгорыі комплекс “Курапаты”, распрацоўваліся ахоўныя зоны. Быў улічаны той факт, што дамы з боку Зялёнага лугу падыходзяць літаральна ўпрытык да курапацкага масіву, таму ахоўная зона была зроблена па мяжы апошняга дома. Прылягаючы раён разглядаўся такім чынам, што тут не можа ажыццяўляцца ніякае будаўніцтва, а калі і можа быць, то звязанае з абслугоўваннем мемарыяльнага комплексу Курапаты.

На думку палітыка, будаўніцтва каля ўрочышча Курапаты вядзецца адмыслова. Яно запланаванае на тым шляху, па якім кожны год ідзе шэсце на “Дзяды”:

– Інакш кажучы, гэта робіцца на перспектыву, каб вялікая колькасць людзей не магла прыйсці і ўшанаваць памяць нявінных ахвяр у Курапатах. Тут ёсць яшчэ адзін аспект, Курапаты – гэта матэрыяльнае сведчанне генацыду беларускага народу, які здзяйсняла расейскае НКВД забіваючы беларусаў на гэтым месцы. Гэта вельмі муляе вочы сучаснаму расейскаму істэблішменту, які заяўляе, што аднаўляе новую вялікую Расею.

Акрамя таго, дадае Юрась Беленькі, дазвол на такое будаўніцтва павінна даць Міністэрства культуры Беларусі, але такога дазволу няма. і гэта першае парушэнне, на падставе якога будаўніцтва каля Курапатаў павінна быць спыненае, бо яно з’яўляецца незаконным.

Каментуе актывіст «Маладога Фронту» Уладзь Яроменак:

— Курапаты павінны быць святым месцам для беларусаў і нешта будаваць на парэштках бязвінна забітых людзей, гэта бязбожжа, гэта амаральна і таму трэба абараняць гэтае месца.

Арцём Леўчанка:

— Мы не так даўно прыехалі, а 8-й гадзіне. Яны будуюць тут толькі плот. Пачынаў працаваць кран і экскаватар мы іх спынялі, станавіліся, перашкаджалі, дошкі пачыналі браць, каб спыніць іх.

Пратэстоўцы выставілі намёт пасярод будаўнічай пляцоўкі і вывесілі над ім бел-чырвона-белы сцяг. За імі назіраюць невядомыя ў цывільным, і здымаюць хлопцаў на камеры. На спробы будаўнікоў працягнуць працы, маладафронтаўцы рэагуюць імгненна, і ствараюць перашкоды.

Ля пляцоўкі часам спыняюцца мясцовыя жыхары, якія таксама не падтрымліваюць планаў будаўнікоў:

— Мы супраць гэтай будоўлі — усе жыхары нашага дома.

РР: А чым яна перашкаджае.

— Па-першае, там Курапаты, лес, а па-другое, тут была зялёная зона, якая неяк ахоўвала нас ад кальцавой дарогі: дзеці гулялі, людзі хадзілі. А цяпер што? Пабудуюць гэты высокі будынак вакол будуць паркоўкі, машыны.

Лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, які падвозіць актывістам гарбату, зазначае што: «Выйсця можа быць толькі два: альбо затрымліваць хлопцаў, альбо спыняць будаўніцтва». Першыя крыжы з адзнакай «Гісторыка-культурная каштоўнасць. Ахоўваецца дзяржавай» знаходзяцца менш, чым у ста метрах ад будпляцоўкі.

[Not a valid template] 

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара