Чым запомніўся чэмпіянат свету па біятлоне?



У мінулую нядзелю ў Аўстрыі завяршыўся чэмпіянат свету па біятлоне. Што і казаць – не самая апошняя падзея для беларускіх балельшчыкаў.

Усе мы чакалі трыумфальнага вяртання ў вялікі спорт пасля нараджэння дзіцяці трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай. І, па вялікім рахунку, яно адбылося. Сярэбраны медаль сусветнага першынства – гэта ўжо перамога. Над сабой, над тымі, хто не верыў… Вось цудоўны прыклад таго, на што здольны чалавек!  Нарадзіць дачку, практычна адразу ж пачаць трэніравацца і праз чатыры месяцы ўзысці на п’едэстал чэмпіянату свету – гэта і сіла духу, і характар. Можна шмат спрачацца з нагоды таго, што больш неабходна для маці – спартыўная кар’ера альбо догляд за малым дзіцем, але Домрачава ўсім паказала, што можна сумяшчаць прыемнае з карысным.

Але чэмпіянат, як аказалася, гэта не толькі радасць перамог. Ужо падчас першай гонкі першынства аматары біятлона, у тым ліку і беларускія, атрымалі порцыю негатыву і брудных разборак.

Падчас змешанай эстафеты расіяне абвінавацілі француза Мартэна Фуркада ў тым, што той у момант перадачы эстафеты быццам бы “падрэзаў” расійскага біятланіста Аляксандра Логінава, а затым не даваў “калідор” Антону Шыпуліну. Усё гэта суправаджалася такім лямантам каментатараў з Расеі, што вушы закладвала.

“Мартэн, Мартэн, ты – свіння! – аж заходзіўся ад крыку ў прамым эфіры вядомы каментатар Дзмітрый Губерніеў. – Вось гэта можна сказаць на ўсю краіну і на ўвесь свет! І напішыце пра гэта Фуркаду, што рускі каментатар так і сказаў: “Фуркад, ты – свіння!”

Вось так, здаецца, інтэлігентны чалавек Губерніеў, які заўсёды лічыўся талковым спартыўным журналістам, у вачах многіх балельшчыкаў у адзін момант упаў да ўзроўню лужыны. І гэта вельмі добры ўрок для некаторых маладых беларускіх каментатараў, якія таксама спачатку робяць у эфіры эмацыйныя высновы, а ўжо потым разбіраюцца ў сітуацыі. Губерніеў паказаў, як не трэба рабіць.

І на гэтым усё не закончылася. Далей, як гэта апошнім часам практыкуецца ў Расеі, краіна дружна застагнала ад “несправядлівасці” і выліла на французскага біятланіста (за кампанію туды ў чарговы раз патрапіў і “гнілы Захад”) не адно вядро бруду.

“Ванючая французская гніда, чакай за цёмным вуглом!” – гэта быў яшчэ не самы крыўдны закід у бок спартсмена.

Зрэшты, гэтая скандальная гісторыя пачалася не сёння. Усім вядома, што больш за 150 спартсменаў падпісалі заяву, у якой запатрабавалі ад Міжнароднага саюза біятланістаў зрабіць больш жорсткімі меры супраць тых спартсменаў, хто прымае допінг. А менавіта расейскія біятланісты апынуліся напярэдадні ў цэнтры допінгавага скандалу. Мартэн Фуркад быў адным з ініцыятараў антыдопінгавай заявы, таму рэакцыя расейцаў на інцыдэнт на трасе зразумелая. Як жа – вораг рускага народа!

Дарэчы, прыкладна ў такія ж “ворагі” запісалі ў Расеі не так даўно і Дар’ю Домрачаву, якая таксама выказалася ў падтрымку барацьбы з допінгам.

Вось толькі некаторыя каментарыі “балельшчыкаў” на сайце расійскага выдання “Спорт-экспресс”:

“Як брудна выказваецца! А сама як змагла тры алімпійскія медалі выйграць?

“Раней я лічыў Домрачаву прыстойнай дзяўчынай з Расеі… Відаць, добра ёй мазгі прамылі”.

Форумныя змагары, безумоўна, не паказчык агульных настрояў у грамадстве, але, як кажуць, тэндэнцыя прагледжваецца. І лямант расейскага каментатара – сведчанне таго, што ў спорце і звычайным жыцці ёсць вялікія асобы, якія пацвярджаюць сваю значнасць справамі і вынікамі, а ёсць і недалёкія, для якіх нават уласная рэпутацыя – пусты гук.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя