Гамельчука вызвалілі ад падатку і нават працаўладкавалі



Жыхара Гомеля Аляксандра Сямёнава, які падаў першы ў Беларусі іск супраць падатковай інспекцыі, гарадскія ўлады не толькі вызвалілі ад выплаты „падатку на ўтрыманства”, але ўжо і працаўладкавалі.

Як паведаміў БелаПАН прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка, камісія гарвыканкама вызваліла Сямёнава ад прадугледжанага дэкрэтам №3 збору. Акрамя гэтага, яго ўладкавалі на працу — вартаўніком у адну з арганізацый.

Леанід Судаленка дапамагае тым, каго ўлада палічылі „дармаедамі”, рыхтаваць скаргі ў ІМПЗ і структуры ўлады. Таксама ён падрыхтаваў Сямёнаву іск у суд і выступаў на пасяджэнні як яго прадстаўнік. 19 лютага на „Маршы абураных беларусаў”, які прайшоў у Гомелі з удзелам каля дзвюх тысяч жыхароў горада, Судаленка заклікаў прыйсці 21 лютага на суд да Сямёнава і падтрымаць яго.

Судаленка лічыць, што ўлады вызвалілі Сямёнава ад выплаты падатку „на дармаедства” і працаўладкавалі яго, каб збіць хвалю пратэставых настрояў у грамадстве. „Наш прафсаюз РЭП віншуе Сямёнава з перамогай, а гэта менавіта перамога. І я не супраць, каб улада вызваліла ад падатку „на дармаедства” і працаўладкавала тых амаль дзвесце жыхароў Гомеля, каму мы дапамаглі напісаць скаргі ў ІМПЗ”, — падкрэсліў прававы інспектар прафсаюза РЭП.

Як раней паведамлялася, 20 лютага Гомельскі гарвыканкам праз свой друкаваны орган, газету „Гомельскія ведамасці”, праінфармаваў, што 17 лютага рашэннем рабочай групы пры гарвыканкаме Аляксандр Сямёнаў вызвалены ад выплаты падатку „на дармаедства”. „Камісія ўлічыла шэраг аб’ектыўных прычын. Сярод іх — працоўны стаж, а таксама той факт, што гамяльчук працаваў на сваім зямельным участку ў 2015 годзе, і іншыя аспекты”, — адзначаецца ў паведамленні.

Аляксандр Сямёнаў — першы беларус, які падаў іск да падатковай пасля атрымання „паведамлення на выплату збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў”. У істца 28 гадоў працоўнага стажу, дзве спецыяльнасці, 12 гадоў працаваў на прадпрыемствах „Гомельхлебпрам” і „Аблгандальсаюз”. Пасля таго як ён быў прызнаны „дармаедам” у адпаведнасці з дэкрэтам №3, ён запатрабаваў прызнаць, што гэты дэкрэт супярэчыць Канстытуцыі, а сябе — грамадзянінам, які ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, бо выплачвае падатак на зямлю, дарожны збор, ПДВ і шэраг іншых падаткаў.

На папярэднім пасяджэнні, якое адбылося ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 14 лютага, прысутнічалі 70 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць Сямёнава. Суд высветліў пазіцыі бакоў. Ісцец падтрымаў іск, падатковая не прызнае яго. Пасяджэнне было вырашана працягнуць 21 лютага, якое павінна адбыцца ў 15:00, пра што паведамляе прэс-служба абласнога суда.

Паводле БелаПАН