Шлях да роднай мовы



21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Яго абвясціла ЮНЭСКА на трыццатай сесіі па прапанове Бангладэша. Гэты дзень спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый.

У адрозненне ад іншых народаў, беларусы не надта клапоцяцца пра захаванне роднай мовы. Толькі невялікая частка грамадства прыйшла да ўсведамлення важнасці захавання роднай мовы.

Свае гісторыі на гэтым шляху распавядаюць людзі рознага ўзросту і роду занятку з Віцебшчыны.

Васіль Матырка, Лепельскі раён:

— Я стаў сябе вызначаць беларускамоўным недзе ў выпускных 10-11 класах. Тады я перайшоў з вясковай школы ў школу ў вайсковым гарадку. Адпаведна, дзеці вайскоўцаў вызначаліся як расейскамоўныя, а я ўжо быў спачатку не беларускамоўны, але вясковы. І я стаў не саромецца, а наадварот, падкрэсліваць гэта. На якой мове чалавек думае? Калі чалавек думае на расейскай мове, ён будзе расейскамоўным, калі чалавек думае на мацернай мове, ён будзе мацерным. А я думаю па-беларуску. Я да гэтага паступова прыходзіў, многія людзі нават не заўважылі нейкай сур’ёзнай і значнай перамены ў маёй гаворцы. Гэта проста пытанне выбару саміх людзей і не трэба навязваць. Апошнім часам моладзь стала большую перавагу аддаваць беларускай мове. Беларуская мова пашыраецца больш у інтэлігентных і інтэлектуальных асяродках.

Віктар Дудкевіч, г.Глыбокае, мастак:

— Калі я вучыўся ў школе быў такі штамп, што размаўляць на беларускай мове неяк непрэстыжна і хто гаварыў па-беларуску на іх ставілі нейкае кляймо: «А, «дзяроўня». Не вясковец, а «дзяроўня». Ужо потым, гадоў у 25, я ішоў па вуліцы і ўбачыў бялізну, якая сохла. Чамусьці тады я прыгадаў гэтае слова «бялізна» і заўважыў, што адно слова, а ўжо цэлая паэзія. Тады я падумаў, што беларуская мова — гэта ўжо паэзія. Гэта было падставай таго, што я змяніў свой погляд, задумаўся пра беларускасць. Што павінен быць беларусам, як немец немцам, кітаец кітайцам, бо, як кажуць, каб змяніць нацыю трэба змяніць мову, каб мець гонар і годнасць сказаць: «Я — беларус».    

Галляш Сялява, рэдактар сайта braslaw.by:

— Можа ў класе 8-м я ўпершыню задумаўся, што дзіўна жыць у Беларусі, мець сваю мову, але пры гэтым размаўляць па-руску. Спачатку было складана, усе прадметы выкладаліся па-руску, дый узрост быў такі, 15 гадоў, калі цябе ўспрымаюць так нібы ты ўсё робіш на зло, пераходны перыяд, таму было складана псіхалагічна. Усе казалі, што гэта часова і каб выдзяліцца. Я проста карыстаўся, бо я лагічна прыйшоў да таго: а чаму не. Я ўжо каля 15 гадоў размаўляю па-беларуску. Мне не падабаецца калі мову палітызуюць, робяць нейкі культ з гэтага, але вельмі прыемна, калі людзі карыстаюцца сваім. Да таго ж наша мова лічыцца другой па мілагучнасці ў свеце. Адзінае што, у грамадстве пакуль такі перыяд, калі людзі думаюць больш пра тое, як выжываць, а справы мовы, культуры, гісторыі іх не асабліва турбуюць, але ёсць і плюс, бо я заўважаю, што мова паступова неяк апалітызуецца. Ужо няма такіх штампаў як калі я гадоў 10 таму яшчэ мог пачуць зрэдку: «БНФавец», то цяпер абсалютна спакойнае стаўленне, некаторыя людзі нават стараюцца пераймаць і кажуць: «Рэспект».

Надзея, студэнтка лінгвістычнага ўніверсітэта, перадкладчыцкі факультэт:

— Я паехала ў Германію на курсы на месяц і там пазнаёмілася з украінкамі. Яны з намі размаўлялі па-руску, але паміж сабой — па-ўкраінску. Яны расказалі пра сваю сітуацыю ў краіне, што дома яны размаўляюць толькі па-ўкраінску. У іх вельмі прыгожая мова. Мне так спадабалася, што я зразумела: вось яны так клапоцяцца пра яе, а мы забываем пра сваю родную мову. Таму я прыехала з Германіі і вырашыла, што вось, гэта той самы момант калі трэба пачаць размаўляць па-беларуску. І размаўляю ўжо 2 гады. Мама казала, хопіць выпендрывацца, супакойся, я разумею, што гэта ў цябе часова і гэта пройдзе, і давай па-расейску. Вядома, усім было нязвыкла. Аднагрупнікі таксама пасмяяліся, калі я сказала, што цяпер гавару па-беларуску. Цябе хопіць на тры дні, максімум на тыдзень. А потым усе такі прывыклі, што цяпер ані яны не ўяўляюць, што я некалі была расейскамоўнай, ані я сама. Думаю, што калі-небудзь у нас усё ж будуць і дзеці беларускамоўныя. Мне б хацелася, каб мае дзеці адразу пачалі размаўляць па-беларуску, а не як я, перавучваліся.  

Дзень святкавання роднай мовы быў абраны 21 лютага таму, што ў гэты дзень 65 год таму загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане. Яго ўсходняя частка  стала пазней незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя