Пошукі нацыянальнай ідэнтычнасці і веры



У 1980-ыя гады ў беларускім яшчэ савецкім грамадстве пачынае распаўсюджвацца інфармацыя пра скажэнне гісторыі Беларусі, пра русіфікацыю і рэпрэсіі нацыянальных дзеячаў. Гэтая інфармацыя павялічвае колькасць людзей, якія далучаюцца да беларускага руху.

У 1985-1986 гадах у гарадах ствараюцца новыя беларускія нефармальныя моладзевыя суполкі – „Талака” (Менск і Гомель), „Замчышча” (Рагачоў), „Поўня” (Светлагорск), „Повязь” (Орша), „Паходня” (Гародня), „Узгор’е” (Віцебск), «Край» (Берасце),  „Рунь „(Ліда), «Маладзік» (Полацк).

 Удзельнікі суполак займаюцца асветніцкай дзейнасцю, адраджаюць нацыянальныя святы, арганізоўваюць краязнаўчыя вандроўкі ды літаратурныя вечарыны. Перад маладымі людзьмі стаяла складаная задача. Фактычна ім даводзілася не толькі прапагандаваць беларускую нацыянальную ідэю ў грамадстве, але і самім зноўку здабываць беларускую ідэнтычнасць. Як правіла, гэта былі людзі, якія заканчвалі рускія школы (беларускіх школ у гарадах да таго часу не засталося), таму беларускую мову даводзілася вывучаць самастойна, часам па падручніку «Беларуская мова для небеларусаў». Акрамя таго, даводзілася вызначаць сваё адрозненне ад рускіх. Важнай складнікам тут была рэлігія. Многія з маладых актывістаў былі без хросту, выхаваныя ў сем’ях камуністаў. Разам з нацыянальнай ідэяй яны набывалі і веру – самастойна хрысціліся пераважна ў каталіцызм (еўрапейская рэлігія), а некаторыя – ва ўніяцтва (праўдзівая беларуская вера). Для таемных хростаў адпраўляліся ў мястэчка Вішнева Валожынскага раёну, дзе беларускамоўны ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі здзяйсняў сакрамэнт хросту.

“Напэўна, трэба было перахварэць нейкай непрыязнасцю да рускага, каб стаць палымяным патрыётам беларускага. Трэба было трошкі раззлавацца… трэба было адрозніць сябе, аддзяліць сябе ад рускага – ад рускай культуры, ад рускай мовы. Нам нікто такога ні навязваў. Мы самі гэта прыдумалі, і нам гэта было патрэбна, каб ўмацавацца ў сваёй веры, у сваёй правільнасці”, – распавядаў у 2008 годзе лідар менскай “Талакі” Сяржук Вітушка.  

Нацыянальны рух меў антыкамуністычны характар. Праект развіцця краіны, які прапаноўвалі моладзевыя суполкі меў  нацыянальную афарбоўку, пры гэтым адной з асноўных задач з’яўлялася дэсаветызацыя грамадства, але ў праграмных дакументах замест слова „дэсаветызацыя” ўжывалася слова „десталінізацыя”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ