У Гайнаўцы будуць славіць забойцу беларусаў (абноўлена)
26 лютага ў Гайнаўцы на Падляшшы адбудзецца другі Марш памяці выклятых жаўнераў.
Акруговы суд у Беластоку адхіліў забарону бургамістра Гайнаўкі.
Спрэчны марш на Падляшшы. У бліжэйшую нядзелю ў Гайнаўцы пройдзе другі Марш памяці выклятых жаўнераў. Сёлета арганізатары плануюць прайсці каля сабора Святой Троіцы, дзе акурт мае адбывацца набажэнства перад Вялікім постам. Паколькі сярод выклятых жаўнераў лічыцца і Рамуальд Райс “Буры”, атрад якога пацыфікаваў беларускія вёскі ў 1946 годзе, то многія гайнавяне лічаць чарговы марш нацыяналістаў правакацыяй. Таксама мяруюць і сябры партыі “Разам”, якія агучылі адмысловую заяву. Кажа сябра партыі Севярын Пракапюк:
– Гэта адназначна ганебны марш. Нават арганізатары не хаваюць, што гэта будзе марш у гонар Рамуальда Райса “Бурага”, які адказны за злачынствы ў дачыненні да праваслаўнага беларускага насельніцтва на Падляшшы. ONR-Беласток і “Нацыянальная Гайнаўка” адназначна кажуць, што робяць гэта у гонар той асобы. І мы добра памятаем, як чальцы гэтых арганізацый раскідалі ўлёткі з Рамуальдам Райсам акурат у час праваслаўных святаў Раства Хрыстова. Мы не можам адмаўчацца.
Арганізатарам шэсця ў памяць выклятых жаўнераў з’яўляецца нацыяналістычна-радыкальны лагер ONR-Беласток і “Нацыянальная Гайнаўка”. У той жа час левыя радыкальныя сілы плануюць у нядзелю ў Гайнаўцы контрманіфестацыю.
Капітан Рамуальд Райс “Буры” адказны за забойства амаль 80-ці падляшскіх беларусаў.
У мінулым годзе ўдзельнікі маршу славілі аднаго з кіраўнікоў польскага ўзброенага падполля Рамуальда Райса “Бурага”.
Выява Рамуальда Райса “Бурага” змешчана на ўлётках, якія запрашаюць на сёлетні марш.
Як заяўлялі арганізатары, гайнаўскі Марш памяці выклятых жаўнераў стане рэгулярным:
– Мы спадзяемся, што гайнаўскі Марш памяці выклятых жаўнераў будзе ўпісаны ў шэраг патрыятычных урастасцяў, якія будуць праводзіцца рэгулярна.
– Выступаем у абарону памяці і гонару кіраўніка 3-й Віленскай брыгады Нацыянальнага вайсковага задзіночання капітана “Бурага”.
Рамуальд Райс “Буры” адзін з кіраўнікоў антыкамуністычнага падполля, які адказны за забойствы амаль 80-ці мірных жыхароў беларускіх вёсак на Беласточчыне.
Пацыфікацыя беларускіх вёсак і праваслаўных беларусаў атрадам, які быў яму падначалены, прызнана польскім Інстытутам нацыянальнай памяці злачынствам з прыкметамі генацыду.
Беларускае Радыё Рацыя