Расея можа спыніць пастаўкі ялавічыны з яшчэ адной вобласці Беларусі
Кіраўнік Рассельгаснагляда Сяргей Данкверт не выключае, што ўслед за абмежаваннямі на пастаўкі ялавічыны з Менскай вобласці ў Расею могуць прыпыніцца пастаўкі і з іншага рэгіёна краіны, дзе будзе выяўлены кантрафакт або кантрабанда, піша rіa.ru.
«Прадукцыі з Беларусі паступае да нас вялікая колькасць. І той аб’ём, які мы адлоўліваем, — добра калі 10%. Мы зараз закрылі Менскую вобласць для таго, каб беларускі бок разабраўся і прыняў меры. Але ніякіх мер не прымаецца. І я не выключаю, што за Менскай вобласцю мы закрыем пастаўкі яшчэ з якой-небудзь, дзе выявім кантрафакт або кантрабанду», – заявіў Данкверт у інтэрв’ю газеце «Известия».
Ён дадаў, што таксама існуе канал паставак сырападобнага прадукту з Украіны, які можа быць сырам. «Але мы гэтага не ведаем, паколькі менавіта сырападобны прадукт непадкантрольны ветэрынарыі», – падкрэсліў кіраўнік Рассельгаснагляда.
«Мы цяпер аналізуем, колькі па дакументах увайшло гэтага прадукту на тэрыторыю Беларусі, а колькі рээкспартавана ў Расею. Бо ў Беларусі тысячы тон сырападобнага прадукту не патрэбныя. Значыць, яны пайшлі сюды пад выглядам іншых прадуктаў, а ўжо тут легалізаваліся. Цалкам зразумелыя каналы і схемы», – адзначыў Данкверт.