Данкверт: Нашы інспектары прасілі не пасылаць іх у Беларусь
Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт у інтэрв’ю „Известиям” распавёў аб працяглым канфлікце з беларускім бокам.
Змагацца з кантрафактам, вядома, трэба. Але ўсё ж такі Беларусь – наша добрая суседка. Вы спрабавалі неяк мірна вырашыць гэтае пытанне?
– Я гэта раблю апошнія 10 гадоў. Але мяняюцца ветэрынарныя ўрачы, мяняюцца міністры, а сама сітуацыя застаецца ранейшай. Усе гэтыя заявы Лукашэнкі, што Беларусь пастаўляе прадукцыю ў 54 краіны, і Расея – усяго толькі адна з гэтых 54 краін, – усё гэта блеф. Так, у гэтыя 54 краіны вы паставілі 30 т малака, а нам – усе астатнія 30 тыс. т. Для Беларусі адкрыты ўсе дзверы? Моцна сумняваюся.
Ужо цяпер эксперты кажуць пра пачатак гандлёвай вайны з Беларуссю. У малочнай прадукцыі самая вострая сітуацыя. Мы моцна залежныя ад паставак з Беларусі з улікам таго, што ў Расеі вялікі дэфіцыт ўласнага сырога малака. Калі цяпер яны спыняць пастаўкі, што будзем рабіць?
– Расея пакуль закрыла пастаўкі толькі з 20 беларускіх прадпрыемстваў. А ўсяго пастаўляе нам прадукцыю 600 прадпрыемстваў.
Калі Беларусь прыме рашэнне нешта не пастаўляць – гэта іх права. У нас простыя патрабаванні: пастаўляйце прадукцыю бяспечную і адпаведную тым дакументам, якія вы пішаце. Усяго толькі. Але як мы можам дазваляць пастаўкі, калі вы вязеце ўкраінскую прадукцыю, а кажаце, што яна беларуская? Была б іншая краіна, а не Беларусь, мы б даўно спынілі наогул усе пастаўкі. Проста закрылі б усё: мяса, гародніну і садавіну.
Беларускі бок заявіў, што наведванне краіны прадстаўнікамі Рассельгаснагляду будзе абсалютна бяспечным, нягледзячы на грозны тон кіраўнікоў «саюзнай дзяржавы». Але вы выказвалі сумневы ў бяспецы такіх паездак. Чаго канкрэтна асцерагаецеся – арыштаў, замахаў, правакацый?
– Нашы інспектары, якія там працавалі, яшчэ тры гады таму прасілі мяне не пасылаць іх у Беларусь з-за нездаровай абстаноўкі там. Інспектары баяцца правакацый. Калі кіраўнік дзяржавы робіць такія заявы, то што могуць зрабіць з простым інспектарам? Потым даказвай, што ты не згвалціў кагосьці ў гасцініцы і ня прывёз паўтоны марыхуаны з сабой. Як гэта даказаць у чужой дзяржаве?
Вас ужо выклікалі на допыт па крымінальнай справе, на якой настойваў Лукашэнка? Як развіваецца гэтая сітуацыя?
– Зараз яны праводзяць нейкія свае мерапрыемствы. Даслалі запыт у Генпракуратуру. Генпракуратура даслала іх пытанні мне. Я на гэтыя пытанні даў каманду адказаць. Там пытанні пастаўленыя так: як вы зачынялі тое ці іншае прадпрыемства?
Таму, калі пракуратура будзе разбірацца ў гэтай справе непрадузята, адзіная прэтэнзія, якая можа да мяне паўстаць, – што я мала зачыніў беларускіх прадпрыемстваў і шмат давяраў беларускаму боку. Таму што парушэнняў выяўлена значна больш.
Фота: РИА Новости