Занусі наведаў выставу, прысвечаную Курапатам



У менскім Палацы мастацтваў адкрылася другая дакументальна-мастацкая выстава „Праўда пра Курапаты: Факты. Дакументы. Сведчанні”.

Па словах гісторыка, журналіста, сябры грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” Марата Гаравога, яе наведвальнікам будзе цікава пазнаёміцца з новымі фактамі і сведчаннямі пра гісторыю нацыянальнага некропаля, дзе пахаваны ахвяры масавых рэпрэсій 30-40-х гадоў мінулага стагоддзя:

– Запрошаны на выставу людзі, якія падзяліліся сваімі сведчаннямі пра гэтыя падзеі. Маюцца на ўвазе падзеі, звязаныя з мінулым Курапатаў. Хоць гэта людзі сталага веку, будзем спадзявацца, што некаторыя з іх на выставу прыйдуць.

Выставу наведаў знакаміты польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі. „Гэта памяць. Гэта не можа быць забыта”, – сказаў рэжысёр:

– Грамадства не павінна забываць свае трагедыі, свае перажыванні, свае страты, гіганцкія страты для беларускага народа, страты інтэлігенцыі, страты пісьменнікаў. На гэтым грунтуецца ідэнтытэт нацыі, таму забыць – гэты вялізны грэх. На шчасце ёсць людзі, якія ладзяць такія выставы, яны дапамагаюць захаваць памяць.

Экскурсію для славутага  польскага кінарэжысёра зладзіў вядомы палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка.

На выставу былі запрошаны грамадскія дзеячы, пісьменнікі, мастакі ды навукоўцы, якія займаюцца тэмай рэпрэсій савецкіх часоў. Запрашэнні накіраваны і прадстаўнікам некаторых дзяржаўных устаноў, а таксама амбасадарам дэмакратычных краін у Беларусі. 

Выстава працягнецца тыдзень і завершыцца 28 лютага.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск