Менчанка спробавала правезці праз мяжу какаінавае лісце



Крымінальная справа пачата ў дачыненні да менчанкі за спробу правозу праз мяжу лісця кокі, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

Супрацоўнікі Гарадзенскай рэгіянальнай мытні выявілі ў асабістых рэчах жыхароў Менска наркатычны сродак — какаінавы ліст. Грамадзяне Беларусі, вяртаючыся з Эквадора, ехалі на легкавым аўтамабілі праз пункт пропуску „Беняконі” на мяжы з Літвой па зялёным калідоры. Падчас правядзення мытнага кантролю ў асабістых рэчах пасажыркі выяўлены папяровы пакет і тры поліэтыленавыя пакеты з лісцем зялёнага колеру.

Згодна з заключэннем эксперта Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гарадзенскай вобласці канфіскаванае высушанае рэчыва расліннага паходжання зялёнага колеру, якое знаходзілася ў пакетах, з’яўляецца небяспечным наркатычным сродкам — какаінавым лістом (лістом кокі). Вага наркотыкаў склала больш за 20 грамаў.

Па гэтым факце ў дачыненні да жыхаркі Менска пачата справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 328-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў альбо аналагаў).

belapan.by