Беларуска-эстонскія кансультацыі пройдуць у Менску
Беларуска-эстонскія кансультацыі паміж МЗС пройдуць 1 сакавіка ў Менску, паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык на брыфінгу 23 лютага.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліць намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, эстонскую — генеральны дырэктар палітычнага ўпраўлення МЗС Паўль Тээсалу.
У ходзе кансультацый плануецца абмеркаваць перспектыўныя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах, абмяняцца думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня і развіцця дыялогу па лініі Беларусь — ЕЗ.
„Варта адзначыць, што з 1 ліпеня і да канца 2017 года Эстонія упершыню стане дзяржавай — старшынёй Савета Еўрапейскага Звяза і будзе адказваць за вызначэнне кірункаў заканатворчасці ЕЗ і фарміраванне палітыкі Савета Еўразвяза”, — сказаў Мірончык.