Пачала працу сацыяльна-інфармацыйная ўстанова „ТаймАкт”



У Менску пачала працу новая сацыяльна-інфармацыйная ўстанова „ТаймАкт”. Яна зарэгістравана ў менскім гарвыканкаме. Па словах кіраўніка гэтай арганізацыі Васіля Завадскага, яе задача – аказанне дапамогі зняволеным грамадзянам.

Сам Завадскі 2 гады кіраваў медслужбай Дэпартаменту выканання пакаранняў:

– Я маю вялікі прафесійны досьвед працы ў пенітэнцыярнай сістэме. На жаль, маю досьвед і вязня гэтай самай сістэмы. Мы бачым неабходнасць працы па абароне правоў вязняў. І зараз у краіне фактычна няма ніводнай  арганізацыі, якая б канкрэтна займалася такой працай, пасля таго як была знішчана “Платформа інавэйшэн”. Ствараліся арганізацыі, але зараз можна пабачыць, што ніякай актыўнасці яны не праяўляюць. Мы накіраваны толькі на кансультацыйную дзейнасць, на дапамогу і, ва ўсялякім разе, на законную дзейнасць.

Па словах Васіля Завадскага, зараз трэба наладзіць сістэму маніторынгу за станам захавання правоў чалавека і законных інтарэсаў вязняў у беларускай пенітэнцыярнай сістэмы. „Найперш мы засяродзімся на асноўных свабодах: свабодзе ад катаванняў, на неабходнасці паважных і захоўваючых чалавечую годнасць адносінаў да зняволеных і на медыка-санітарным забеспячэнні, – што найбольш адпавядае маёй прафесіі і кампетэнцыі,” –  сказаў Васіль Завадскі.

Кансультантам „ТаймАкту” з’яўляецца былы палітзняволены Мікалай Аўтуховіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара