Ці вернецца «Газета Слонімская» у дзяржаўную сістэму распаўсюду?
Толькі спадзяванні, што сапраўды нешта зменіцца, кажа галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук пра магчымае ўключэнне свайго выдання ў распаўсюд. Такія размовы пачаліся пасля сустрэчы рэдактара «Народнай Волі» Іосіфа Сярэдзіча з Аляксандрам Лукашэнкам.
Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што ўсе рэгіянальныя выданні, якія раней выкінулі з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду, туды вернуцца. Пішам лісты ды чакаем, – кажа Віктар Валадашчук.
– Прайшло 11 гадоў з таго часу, як скасавалі з намі кантракты па распаўсюдзе газеты праз пошту і “Белсаюздрук”. Спадзяванняў асаблівых няма, але мы тым не менш чарговы раз напісалі лісты ў “Белпошту” у Менск і ў “Белсаюздрук” таксама ў Менск. Бо калі я зтэлефанаваўся з кіраўніцтвам абласнога прадпрыемства “Белпошта”, то яны адразу сказалі, каб мы адсылалі ўсе лісты ў Менск, бо яны нашае пытанне не вырашаеюць.
Рэгіянальнае выданне «Газета Слонімская» каля 11 гадоў не мае магчымасці распаўсюджвацца праз дзяржаўныя сістэмы – падпісныя каталогі „Белпошты” ды шапікі «Белсаюздрук». Выданне накладам у тры з паловай тысячы экзэмпляраў распаўсюджваецца пераважна на грамадскіх пачатках.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by