Гародня хоча прэзентаваць сваё кінематаграфічнае мінулае



Скульптура па матывах фільма „Міколка-Паравоз” можа з’явіцца ля чыгуначнага вакзала ў Гародні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гарадзенскім гарвыканкаме.

Прапрацоўваецца ідэя ўсталяваць скульптуру ў раёне чыгуначнага вакзала, дзе здымаліся сцэны „Міколкі-паравоза” ў 1956 годзе. Гэты фільм стаў пачаткам кінематаграфічнай кар’еры горада. Кінастужка захавала стары будынак чыгуначнага вакзалу і знакаміты паваротны круг. Частка сцэн здымаліся на месцы цяперашняй аўтастаянкі каля вакзала па вуліцы Будзёнага.

Пакуль не вырашана пытанне з размяшчэннем скульптуры і яе ўвасабленнем. Магчыма, яна будзе створана з каменя падчас пленэру разьбяроў ў ліпені, тэмай якога стануць кінематаграфічныя матывы.

Гэтая ідэя – адзін з крокаў па далейшым развіцці ў Гародні канцэпцыі па прэзентацыі кінематаграфічнага мінулага горада.

У 2016 годзе ў абласным цэнтры заклалі Алею кіно, на якой у бліжэйшы час збіраюцца ўвекавечыць гісторыю 12 найбольш вядомых кінастужак, якія здымаліся тут. Вывучаюцца дызайнерскія рашэнні па інфармацыйных планшэтах з анатацыяй да гэтых фільмаў, распрацоўваюцца турыстычныя маршруты па мясцінах, звязаных з гісторыяй кіно, тэматычныя сувеніры.

У Гарадзенскай вобласці было знята больш за 50 кінафільмаў, у іх ліку „Я родам з дзяцінства”, „Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, „Раскіданае гняздо”, „Корцік”, „Бронзавая птушка”, „Белыя Росы”, „Мяне клічуць Арлекіна”, „У жніўні 44-га”, серыялы „Сляды апосталаў”, „СМЕРШ”, „Дняпроўскі рубеж”.

Цікавы факт, што ў гонар фільма „Белыя Росы” названы жылы раён Гародні: менавіта тут здымалася аднайменная камедыя 1984 года, а на месцы здымак захаваўся вядомы калодзеж. Рэжысёраў і сёння цікавяць маляўнічыя месцы, азёры і помнікі архітэктуры рэгіёну, а таксама гістарычны цэнтр Гародні.