Збіты ў Курапатах журналіст не будзе звяртацца ў міліцыю
Збіты ў Курапатах журналіст «Новага часу» не збіраецца звяртацца ў міліцыю, бо не верыць – паведаміла ў нашым эфіры рэдактар выдання Аксана Колб. Журналісту „Новага Часу” Алесю Кіркевічу разбілі галаву ў Курапатах падчас начнога налёту.
Там актывісты бароняць мемарыяльны комплекс ад чарговай забудовы. Напад адбыўся а 4-й ранку падчас выступу барда Андрэя Мельнікава. Сур’ёзна параненых няма, бойка трывала каля хвіліны, нападнікі зніклі ў лесе.
Рэдакцыя, як кажа Аксана Колб, падтрымлівае свайго журналіста:
– Нават не паспеў сказаць, што ён журналіст. Настолькі ўсё было раптоўна. Але я не думаю, што калі б ён крычаў: «Я – журналіст!», яму б па галаве ніхто не даў. Тое, што Алесь там быў, гэта часткова і рэдакцыйнае заданне, але ў большай ступені – ягоны маральны абавязак. Сам Алесь не хоча заяву пісаць, бо ён проста не верыць у тое, што нашыя праваахоўныя органы могуць знайсці вінаватых. Я не магу яго прымушаць, таму цалкам падтрымліваю яго пазіцыю.
Журналістаў, акрамя, Кіркевіча, на вахце ў момант нападу не было. Ужо каторы дзень актывісты пратэстуюць супраць чарговага будаўніцтва, якое распачалося непадалёк Курапатаў. Туды заклікаюць прыходзіць журналістаў, бо на вачах прадстаўнікоў медыя забудоўшчыкі паводзяць сябе меньш агрэсіўна.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org