Фестываль DOTYK: зламаць стэрыатыпы і вызваліць сваё ззянне
У Менску пачаўся трэці Міжнародны фестываль квір-культуры DOTYK.
З 24 лютага па 6 сакавіка наведвальнікаў чакаюць шматлікія лекцыі, кінапаказы, выставы, спектаклі, гульні. Агулам арганізатары запланавалі трыццаць шэсць разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных праблемам гамафобіі, сэксізму і іншых формаў ксенафобіі ў беларускім грамадстве.
Сёлетні слоган фэста – „Вызвалі сваё ззянне” мусіць прыцягнуць увагу да тэмаў ідэнтычнасці і самавыяўлення.
„Індывідуальнасць кожнага важная і не трэба саромецца свайго ўнутранага святла„, – кажа адзін з арганізатараў Багдан Хмяльніцкі.
– На трэцім фестывалі мы абралі пад фокус супольнасць – што значыць узаемадапамога, пачуцці людзей адзін да аднаго. Мы хочам больш расказаць пра квір камьюніці – гэта таксама адзін вялікі арганізм, які павінен узаемадзейнічаць. Некаторыя мерапрыемствы будуць браць пад увагу менавіта аспект правоў чалавека, напрыклад дыскусія пра прайд, дзе знайсці мяжу паміж палітычным і сацыяльным, паміж публічным і індывідуальным.
Адначасова з адкрыццём фестываля распачала працу інтэрактыўная выстава «Мы (не) адныя». На ёй прадстаўленыя працы-рэфлексіі мастакоў і мастачак на розныя падзеі 2016 года: ваенныя дзеянні, міграцыйны крызіс, дэкрэт аб дармаедстве.
Варта адзначыць, што для наведвальнікаў фестываля дзейнічае ўзроставае абмежаванне 18+.
[Not a valid template]Беларускае Радыё Рацыя, Менск