На цукровым заводзе ў Скідзелі адбыўся выбух газапаветранай сумесі
На цукровым заводзе ў Скідзелі адбыўся выбух газа-паветранай сумесі. Інцыдэнт здарыўся ўначы.
Як паведамляе БЕЛТА, каля 1.30 здарылася ўспышка газапаветранай сумесі ва ўпаковачным цэху. Узгарання не было.
У выніку здарэння пяць жанчын – працаўніц прадпрыемства, ва ўзросце 42-54 гадоў, з апёкамі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваныя ў рэанімацыйнае аддзяленне. Пачата крымінальная справа. Пра гэта паведамляюць прэс-служба МНС і СК.
Выбух без далейшага ўзгарання адбыўся ў галерэі, якая спалучае цэх упакоўкі і фасоўкі цукру з ліфтавай вежай. Выбух часткова дэфармаваў сцены цэха, пашкодзіў вокны і дзвярныя праёмы. Тэхналагічны працэс у цэху ўпакоўкі і фасоўкі часова спынены.