Рэчы беларускіх добраахвотнікаў выставілі ў кіеўскім музеі



17 лютага ў залі галоўнай экспазіцыі адкрылася выстава «Украінскі ўсход».

Выстава з’яўляецца другім па ліку музейным праектам Нацыянальнага музея гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне, якая прысвечана вайне на ўсходзе Украіны. Другі раз у экспазіцыі прысутнічаюць рэліквіі байцоў Тактычнай групы «Беларусь».

Частка выставы прысвечана ўдзелу замежніх грамадзян у абароне Украіны. Там прадстаўлены рэчы беларускіх добраахвотнікаў: бел-чырвона-белы сцяг пад якім беларусы баранілі селішча Пяскі побач з Данецкім аэрапортам, бронекамізэлька Алеся Чаркашына, які быў паранены 10 жніўня 2015 года ў баі пад Старагнатаўкай і памёр 28 жніўня ў шпіталі, каска Віталя Ціліжэнкі, украінца, аднаго з заснавальнікаў Тактычнай групы «Беларусь», які загінуў 10 жніўня 2015 года ў баі пад Старагнатаўкай, баявыя шэўроны беларускіх добраахвотнікаў і іншыя рэчы.

На выставе прадстаўлены некалькі тысяч экспанатаў. Нацыянальны музей гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне месца, якое варта наведаць беларусам, што будуць у Кіеве.