Томаш Суліма: Рамуальд Райс “Буры” быў злачынцам
“Гэта правакацыя”, – кажа пра другі Марш памяці выклятых жаўнераў у Гайнаўцы – беларускі дзеяч і кіраўнік Асацыяцыі беларускіх журналістаў у Польшчы Томаш Суліма.
Томаш Суліма
Сёлета арганізатары плануюць прайсці каля сабора Святой Троіцы. Сярод выклятых жаўнераў, якіх славяць удзельнікі маршу – Рамуальд Райс “Буры”, атрад якога пацыфікаваў беларускія вёскі ў 1946 годзе.
Рамуальд Райс “Буры”
“Крыўдна, што гэта адбываецца ў Гайнаўцы”. Томаш Суліма раіць мясцовым жыхарам не паддавацца на правакацыі, і не канфліктаваць з удзельнікамі маршу:
– Яны шукаюць вялікіх міфаў, вялікіх герояў, але Рамуальд Райс “Буры” быў злачынцам. У Гайнаўцы жыве шмат сваякоў, шмат унукаў гэтых сем’яў, якія згубілі сваіх блізкіх у 1946 годзе. Мне неверагодна крыўдна, што яны будуць маніфеставаць у Гайнаўцы, я гэтага не разумею, шкадую, што так адбываецца.
Мясцовыя радныя выступілі супраць маршу ў Гайнаўцы, але Акруговы суд у Беластоку адхіліў забарону бургамістра. Другі Марш памяці выклятых жаўнераў пройдзе 26 лютага.
Беларускае Радыё Рацыя