Статкевіч: Акцыя ў Дзень Волі ў любым выпадку пройдзе ў цэнтры Менска



Традыцыйная акцыя 25 сакавіка з нагоды Дня Волі (чарговай гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе) у любым выпадку пройдзе ў цэнтры Менска. Пра гэта БелаПАН заявіў член савета Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) Мікалай Статкевіч.

Афіцыйна незарэгістраваны Беларускі нацыянальны кангрэс быў створаны ў траўні 2016 года па ініцыятывы групы грамадскіх і палітычных дзеячаў з мэтай кансалідацыі апазіцыі. У яго аргкамітэт увайшлі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў.

Заяўка на правядзенне акцыі 25 сакавіка падавалася ў Менгарвыканкам 6 студзеня, аднак яна не была задаволеная. Аргкамітэт акцыі, у які ўвайшлі прадстаўнікі руху „За Свабоду”, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, руху салідарнасці „Разам”, падаў паўторную заяўку 8 лютага. На яе адказ пакуль не атрыманы. У абодвух выпадках аргкамітэт прасіў дазволіць правесці акцыю ў наступным фармаце: збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы.

БНК у аргкамітэт не ўвайшоў, бо, паводле слоў Статкевіча, „калегі раптам падалі заяўку, хоць, здаецца, спачатку згаджаліся на перамовы па фармаце яе правядзення”. „Яны заявілі месца збору удзельнікаў каля акадэміі навук, а таксама шэсце ў цэнтр горада да парку Янкі Купалы. Нас гэта цалкам задавальняе”, — сказаў ён.

Пры гэтым Статкевіч лічыць, што ўлада не дасць санкцыю на шэсце ў цэнтр горада, накіраваўшы людзей на плошчу Бангалор, якая афіцыйна вызначаная ў якасці месца для правядзення вулічных акцый. „Але нас задавальняе, што ў акцыі будзе легальнае месца збору. Мы збярэмся там 25 сакавіка. Калі ўлады праявяць разважнасць, даўшы прысутным прайсці ў цэнтр горада, можа быць, нават вылучыўшы паласу праезнай часткі, гэта адна сітуацыя. Калі не, мы ўсё роўна пройдземся ў цэнтр горада, можа быць, дадаткова праінфармаваўшы пра гэта ўлады”, — сказаў ён.

„Але дзвюх акцый 25 сакавіка не будзе. Няма каму забіраць у нас ініцыятыву”, — дадаў ён.

belapan.by