25 лютага паэту Алесю Пісьмянкову споўнілася б 60



Паэт на старонках “Магілёўскай праўды”, 1970-я гады

У савецкі час надрукавацца на старонках абласной ці рэспубліканскай газеты – гэта было для пачаткоўца-літаратара вялікай падзеяй. Бо не так шмат тады было выданняў, каб вынесці на суд чытачоў свае, напрыклад, юнацкія вершы. Найперш, вершы павінны былі напісаны на ўзроўні, каб іх заўважыў нехта з вопытных паэтаў, станоўча іх ацаніў і ўбачыў у юнаку ці дзяўчыне талент, які, сапраўды, неабходна падтрымаць. Не заўважыць талент Алеся Пісьмянкова ў тыя ўжо далёкія 1970-я гады было проста немагчыма. Ён пачаў пісаць і друкавацца са школы ў “Бярозцы”, “Піянер Беларусі”, у сваёй роднай касцюковіцкай раённай газеце “Сцяг камунізму” (раёнак з “камунізмамі” тады выдавалася шмат).

Пасля школы Алеся Пісьмянкова ўзялі на працу ў раёнку. Ён пачаў асвойваць першыя азы раённай журналістыкі. Адначасова рыхтаваўся для паступлення на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Шмат пісаў вершаў. А 21 снежня 1974 года абласная газета “Магілёўская праўда” апублікавала першыя вершы юнага паэта з вёскі Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна. Гэта была шчырая, светлая падборка з 7 вершаў. Разам з вершамі абласная газета змясціла здымак Алеся і невялікую прадмоўка да іх – “Будзьце знаёмы: Алесь Пісьмянкоў”. Прадмову пісаў паэт Аляксей Пысін, хаця яго прозвішча пад тэкстам не стаіць. Але, менавіта тады Аляксей Пысін кіраваў літаб’яднаннем пры “Магілёўскай праўдзе” і штомесяц рыхтаваў літаратурныя выпускі “Прыдняпроўе”. У прадмове паведамлялася: “Вершы Алеся Пісьмянкова вызначаюцца шчырасцю і юнацкай непасрэднасцю. У паэтычных радках, якія з’яўляюцца першай спробай пяра, шмат святла і дабрыні, яны прасякнуты любоўю да людзей і роднага краю. Знаёмячыся з вершамі Алеся Пісьмянкова, жадаем маладому аўтару добрага шляху”.

Сярод першых паэтычных радкоў на старонках абласной газеты, адразу запомнілася гэтае чатырохрадкоўе:

Ты кажаш добра шчасце знаеш,

Жывеш без ветраў, без дарог…

А я спакою не жадаю,

Я жыць не ўмею без дарог.

Найлепшай дарогай Алеся Пісьмянкова была дарога дадому ў родныя Касцюковічы, якой ён прысвяціў шмат сваіх паэтычных твораў, асабліва ў юнацкія гады. У 1975 годзе “Магілёўская праўда” вельмі часта друкуе вершы паэта з Касцюковіцкага раёна. У траўні з’яўляюцца яго вершы “Вясна аблашчыла бярозы…”, “У мінулага зноў я ў палоне…”, “Казала маці, што нярэдка…”, “Вечар помніцца весні…”. Публікуюцца яго творы ў жніўні, верасні, кастрычніку. Верш “У вагоне” з’яўляецца нібы пацвярджэннем таго, што паэт, сапраўды, жыць не ўмеў без дарог, скуль яго заўсёды цягнула ў родную вёску:

Хачу заснуць. Ніяк не спіцца.

Фантанам б’е у скроні кроў:

Агонь рубінавы – суніцы

Вязуць украінкі дамоў.

Прыўзняўся мой сусед заспаны,

І ўжо ні следу ад тугі.

Жанчына ахнула з раманам:

–Якія тонкія духі!

А мне здалося нечакана, –

Перахапіла нават дых, –

Што я ля сонечнай паляны

На нашых сцежках баравых.

Плённым для маладога паэта быў 1976 год. Ён ужо вучыўся ва ўніверсітэце, але прыязджаў дамоў, дасылаў свае вершы ў газету. 29 студзеня на старонцы “Магілёўскай праўды” з’яўляецца яго вядомы верш “Тупаціць па вёсцы ранак…”, прысвечаны малодшаму брату Міколу. Гэты верш увайшоў і ў ягоны першы паэтычны зборнік “Белы камень” (Мн., 1983).

Пяць вершаў друкуюцца ў траўні. Адзін з іх называецца “Раніца”. Добры верш, але чамусьці аўтар яго не ўключыў у свае першыя паэтычныя зборнікі. А верш гучыць так:

Цішыня. Цішыня анямелая,

Нават снег пад нагой не рыпіць.

Як снягурка пад коўдраю белаю

Касцюкоўшчына родная спіць…

Спі. Твой сон не дазволю парушыць,

Даглядай свае светлыя сны.

Ціха-ціха сінічка варушыць

Заінелыя бровы сасны.

Вершы Алеся Пісьмянковы багатыя на белы колер. Наогул, гэта асобная тэма “Белы колер у паэзіі Пісьмянкова”. І першы зборнік “Белы камень” “пафарбаваны” беллю, чысцінёй, святлом: “ты вынесла белыя косы і чысты пагляд”, “пагодліва й марозна у роднай старане, заснежаныя сосны і музыка саней”, “святлеюць пад сонцам сады…” і г.д. Гэта чысціня і святло прыгожа асвятлялі яго юнацкія вершы.

Чатырохрадкоўе “Эцюд” было апублікавана ў “Магілёўскай праўдзе” 30 чэрвеня 1976 года:

На ганкі выйду заінелыя,

Замру, як жаўручок малы:

Нібы маланак пасмы белыя,

Бяроз імклівыя ствалы.

У 1976 годзе абласная газета яшчэ апублікавала некалькі вершаў паэта. Многія з іх чамусьці так і не ўвашлі ў ягоныя паэтычныя зборнікі, хаця вершы заслугоўваюць увагу, вельмі пяшчотныя, лірычныя, якія канцэнтруюць у сабе юнацкую глыбокадумнасць, разважлівасць, неардынарнасць у падыходзе да праяў жыцця, святасці асобы і вернасці караням сваёй Айчыны. Шмат вершаў пра каханне, якія спалучаюць вобразы каханай з вобразамі сваёй маленькай радзімы. 16 верасня 1976 года газета апублікавала яшчэ тры вершы свайго земляка. Сярод іх быў і гэты:

Як  пад небам, небам сінім,

Па світальнаму слядку.

Ранкам крочыла дзяўчына

Па халодную ваду.

Я з акна глядзеў употай:

Прыгажосць майго сяла

Міма хаты, міма плота

Белым лебедзем плыла.

У 1977 годзе “Магілёўская праўда” надрукавала толькі два вершы Алеся Пісьмянкова. У іх, як і ў ранейшых творах, апяваецца вернасць Радзіме, хараство роднай прыроды, чысціня кахання. Для творчай манеры Алеся Пісьмянкова былі характэрныя прачулы лірызм, непасрэднасць і шчырасць паэтычнай інтанацыі. Тады ён ужо быў студэнтам БДУ, жыў у Мінску і яго творы актыўна друкаваліся на старонках іншых рэспубліканскіх газет і часопісаў.

Даўно пара сабраць усе раннія вершы гэтага таленавітага паэта, у тым ліку і з”Магілёўскай праўды”, і выдаць асобнай кніжкай. Яны вартыя нашага часу, ды і губляць паэтычную спадчыну паэта нельга, а, наадварот, па крупінцы збіраць па старых выданнях і архівах.

 

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя