Берасцейцы: «Мы не дармаеды!»



Мірныя акцыі пратэсту супраць так званага дэкрэта “аб дармаедах” пройдуць сёння ў Берасці, Баранавічах, Віцебску і Бабруйску.

Берасцейцы праз сацыяльныя сеткі заклікаюць супраціўляцца Дэкрэту №3 і запрашаюць на марш “Мы не дармаеды!”, які запланаваны на 26 лютага ў 12 гадзін на плошчы Леніна. Акрамя таго, яны абскарджваюць “лісты шчасця” ў апеляцыйных інстанцыях:

– Я ў фэйсбуку знайшоў суполку, дзе чалавек піша пра тое, што ён атрымаў ліст. І разам з праваабаронцамі яны апісваюць гэты механізм. Я стараюся дзейнічаць згодна іх парадам, каб прынамсі падтрымаць іх. Бо плаціць я не збіраюся. Я таксама атрымаў ліст, нават яго не адкрываў. Будзем адсылаць далей.

Што праўда, на маршах 17 лютага ў Берасці і Гародні было няшмат удзельнікаў у параўнанні з Менскам і Гомелем, дзе на акцыю выйшла некалькі тысяч чалавек. Ці падвысіцца колькасць удзельнікаў гэтым разам, стане вядома ўжо пасля 12-й гадзіны дня.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя