Тавараабарот Беларусі з Расеяй упаў да мінімальнага з 2009 года ўзроўню



У 2016 годзе тавараабарот Беларусі і Расеі скараціўся да мінімальнага ўзроўню за апошнія сем гадоў, сведчаць афіцыйныя статыстычныя дадзеныя.

У 2016 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй склаў 26,1 млрд долараў і знізіўся на 5,2% у параўнанні з узроўнем 2015 года. У тым ліку экспарт Беларусі ў Расею ў доларавым выражэнні павялічыўся ў мінулым годзе на 4% да 10,8 млрд долараў, імпарт з Расіі скараціўся на 10,8% да 15,3 млрд долараў.

Рост беларускага экспарту ў Расею ў 2016 годзе абумоўлены ў асноўным павелічэннем паставак мяса-малочнай прадукцыі (сыроў, тварагу, масла), транспартных сродкаў і сельгастэхнікі. У той жа час адмоўны ўплыў на аб’ёмы беларускага экспарту ў Расію аказалі нафтапрадукты — за мінулы год на расійскі рынак Беларусь паставіла 268,2 тыс. тон нафтапрадуктаў, што больш чым у тры разы менш у параўнанні з 2016 годам.

Скарачэнне расейскага імпарту ў Беларусь ў 2016 годзе абумоўлена таксама сітуацыяй у нафтавай сферы. За мінулы год Расея паставіла ў Беларусь 18,1 млн тон нафты, на 21% менш у параўнанні з 2015 годам.

Варта адзначыць, што аб’ём беларуска-расейскага тавараабароту ў 2016-м аказаўся самым нізкім у параўнанні з 2009 годам — у тым годзе, на фоне сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, беларуска-расейскі тавараабарот скараціўся на траціну да 23,4 млрд долараў.

Беларускія ўлады за апошні час ужо некалькі разоў выказвалі занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася ва ўзаемным гандлі, і заклікалі расійскае кіраўніцтва адмяніць меры, якія абмяжоўваюць пастаўкі беларускай прадукцыі ў Расею.

„Замест таго каб ліквідаваць негатыў, уводзіцца забарона на пастаўкі беларускай ялавічыны ў Расію. Як гэта разумець?” — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка, прымаючы ў лютым 2017 года губернатара Кастрамской вобласці Расеі.

Восенню 2016 года афіцыйны беларускі лідар выказаў меркаванне, што тэндэнцыя скарачэння тавараабароту ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза пагражае існаванню інтэграцыйнага аб’яднання.

„У найбліжэйшы час, калі мы не выпрацуем нармальны план выхаду з гэтай сітуацыі, я баюся, што пачнецца некаторая дэзінтэграцыя, чаго дапусціць ні ў якім разе нельга”, — папярэджваў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў рэгіянальных СМІ Расеі ў лістападзе 2016 года.

БелаПАН