Някляеў: Рэжым паступова здае пазіцыі



Сітуацыя ў Беларусі мяняецца: рэжым паступова здае пазіцыі. Такую заяву зрабіў, наведваючы зону супрацьстаяння ў Курапатах, сябра Беларускага нацыянальнага кангрэсу, паэт Уладзімір Някляеў. «Улада магла б зачысціць гэтую тэрыторыю ад сотні пратэстоўцаў за 5 хвілінаў, але баіцца знешнепалітычных наступстваў: рэакцыі Еўразвязу, а за ім фінансавых структураў, што даюць крэдыты», — мяркуе Някляеў.

— У краіне адбываюцца даволі значныя падзеі і відавочна, што яны не цалкам кантралююцца. Гэта было відаць на «маршы тунеядцаў» у Менску, калі міліцыянты былі разгубленыя і не ведалі, што рабіць: у іх не было дакладнага рашэння найвышэйшай асобы ў дзяржаве.

Паэт прыводзіць услед такі вобраз: «Спыніць будоўлю ў Курапатах – гэта, як выйграўшы першы сэт, набраць моцы, нават калі ты гуляеш горш за суперніка».

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя