Аляксандра Бельчука пакаралі 6 месяцамі пазбаўлення волі
Шасцю месяцамі пазбаўлення волі пакараны фермер з вёскі Арлянка Аляксандр Бяльчук. Такое рашэнне прыняў суд Маларыцкага раёна, які прызнаў Бельчука вінаватым у “гвалце, альбо спробе гвалту” ў дачыненні АМАПаўца Дзяніса Зянюціча.
Прыкладна такі прагноз раней даваў і берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які сачыў за працэсам:
– Гэта ўжо другое пакаранне па тым самым артыкуле. Ён ужо тры месяцы адсядзеў, і будзе вельмі вялікім шчасцем, калі гэтым разам ён атрымае тры ці трохі болей месяцаў арышту, і не дадуць сапраўды нейкіх сур’ёзных тэрмінаў.
Аляксандра Бельчука затрымалі ў будынку Следчага камітэту Берасцейскай вобласці, адразу пасля допыту па справе ягонага брата Мікалая. Тады фермер спрабаваў перашкодзіць затрыманню Мікалая людзьмі ў цывільным, якія, як высветлілася пазней, – былі супрацоўнікамі міліцыі. “Ці кіраўніцтва МУС правядзе праверку правамоцнасці дзеянняў АМАП у той сітуацыі, пакуль невядома”, – зазначаюць праваабаронцы.
Аляксандру Бельчуку залічылі тэрмін знаходжання ў СІЗА, і таму яму засталося адсядзець два месяцы, але ўжо ў калоніі агульнага рэжыму.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце – Маларыта