У Беластоку з’явіцца помнік Леху Качыньскаму
Помнік былому прэзідэнту Польшчы Леху Качыньскаму з’явіцца ў Беластоку.
Універсітэцкая плошча (Фота wyborcza.pl)
Зялёнае святло ініцыятыве далі на сесіі чальцы рады горада. За прагаласавалі радныя з партыі Права і справядлівасць, супраць сябры Грамадзянскай платформы і частка чальцоў Клуба прэзідэнта Трускаляскага.
Помнік з’явіцца на самым вялікім скрыжаванні ў Беластоку – Універсітэцкай плошчы.
Паводле старшыні рады горада Марыюша Громка, праект будзе прафінансаваны грамадскім камітэтам, які ініцыяваў устаноўку помніка Леху Качыньскаму:
– З’явіўся грамадскі камітэт устаноўкі помніка Леху Качыньскаму. Камітэт запэўнівае, што ў стане сабраць сродкі на помнік у Беластоку. Лічачы, што гэта вельмі добрая прапанова, мы выступаем за падтрымку праекта і ўстаноўку помніка ў нашым горадзе.
Ініцыятыва ўстаноўкі помніка Леху Качыньскаму ў Беластоку не спадабалася палітыкам з Грамадзянскай платформы, якія заклікалі да правядзення грамадскіх кансультацый. Аднак іх прапанова была адкінута рашэннем рады.
Лех Качыньскі разам з жонкай Марыя і 94 асобамі загінуў у авіякатастрофе прэзідэнцкага самлёта пад Смаленскам у 2010 годзе.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя